Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
Сад сціплага чыноўніка (拙政园, Чжочжэн'юань), які знаходзіцца ў Сучжоу, па праве лічыцца адным з лепшых узораў прыватнай садова-паркавы архітэктуры. Гэты сад пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя былым дзяржаўным цэнзарам Ван Сяньчэнем, якога, паводле падання, адхілілі ад пасады за хабарніцтва. Знаходзячыся ў парку, у такую версію сапраўды можна паверыць: няўзброеным вокам заўважна, што на яго ўзвядзенне было патрачана вельмі шмат грошай.
У стварэнні парку ўдзельнічаў адзін з самых вядомых сучжоўскіх мастакоў Вэн Чжэнмін. Работа яму трапілася карпатлівая і складаная, бо ў той час на месцы будучага саду знаходзіўся вялікі ўчастак балоцістай мясцовасці. Каб не асушваць тэрыторыю цалкам, тут выкапалі некалькі вадаёмаў, а з зямлі, што засталася, насыпалі невялікія пагоркі. Так, водная частка саду ператварылася ў адпраўную кропку, на якой трымаецца ўся структура ландшафту.