Канцлер ФРГ Ангела Меркель правяла тэлефонную размову з прэм'ер-міністрам Італіі Марыё Монці, падчас якой бакі абмеркавалі сітуацыю ў еўразоне і выказалі гатоўнасць прыняць усе неабходныя меры для яе абароны. Пра гэта заявіў намеснік афіцыйнага прадстаўніка германскага ўрада Георг Штрайтэр.
Паводле яго слоў, ФРГ і Італія лічаць неабходным як мага хутчэй ажыццявіць пагадненне, дасягнутае ў канцы чэрвеня на летнім саміце ЕС. М. Монці таксама прыняў запрашэнне А. Меркель наведаць Берлін у жніўні.
27 ліпеня прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлер Германіі Ангела Меркель правялі тэлефонныя перамовы, па заканчэнні якіх апублікавалі сумесную заяву. У ёй падкрэсліваецца, што абедзве краіны вырашылі прыняць усе неабходныя меры для абароны еўразоны.
У апошні час сітуацыя ў еўразоне пагаршаецца: паказчыкі даходнасці дзяржаблігацый Іспаніі і Італіі б'юць усе рэкорды, рызыка выхаду Грэцыі з еўразоны павялічваецца, а курс еўра ў адносінах да амерыканскага долара ўпаў ніжэй за ўзровень 1:1,21. Прэзідэнт Еўрапейскага цэнтральнага банка / ЕЦБ / Марыё Драгі 26 ліпеня адзначыў, што ЕЦБ гатовы распачаць усе неабходныя меры для абароны еўразоны ў мэтах прадухілення распаду еўрапейскага валютнага саюза.
Нагадаем, што 29 чэрвеня лідары краін-членаў ЕС на летнім саміце прынялі Пакт росту і занятасці, надзялілі Еўрапейскі стабілізацыйны механізм правам на ажыццяўленне прамых фінансавых уліванняў у банкаўскую галіну, а таксама дазволілі яму наўпрост купляць дзяржаблігацыі дзяржаў з буйнымі абавязкамі з мэтай зніжэння кошту ўзятых імі крэдытаў. - 0 -