Няма падстаў сцвярджаць, што вірус птушынага грыпу H7N9 перадаецца ад чалавека чалавеку. Пра гэта паведаміла экспертная група Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая прыбыла ў Кітай. Між тым эксперты падкрэслілі, што праведзеных даследаванняў недастаткова.
"На гэты момант мы мала ведаем пра вірус H7N9. Для высвятлення яго паходжання і ўласцівасцяў нам трэба правесці больш глыбокія і маштабныя даследаванні", – адзначыў намеснік дырэктара Кітайскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы хвароб Ян Вэйчжун.
"Мы будзем сачыць за сітуацыяй, але зараз пакуль няма неабходнасці ў вакцыне", – сказаў памочнік генеральнага дырэктара СААЗ Кэйдзі Фукуда.
Эксперты адзначылі, што ўлады Шанхая праявілі шчырасць і адкрытасць у дачыненні да экспертнай групы, а ўсе прынятыя меры па барацьбе з вірусам H7N9 былі своечасовымі і эфектыўнымі. - Р -