На Тайване пацверджаны першы выпадак заражэння чалавека вірусам птушынага грыпу H7N9. Пра гэта праінфармавала ведамства аховы здароўя Тайваня.
Паведамляецца, што захварэлы 53-гадовы жыхар Тайваня, які працуе ў горадзе Сучжоу правінцыі Цзянсу, у перыяд з 28 сакавіка па 9 красавіка знаходзіўся ў Сучжоу і 9 красавіка вярнуўся на Тайвань праз Шанхай. 12 красавіка ў мужчыны паднялася тэмпература, назіралася агульная стомленасць, ноччу – павышанае потааддзяленне. 16 красавіка ён звярнуўся да ўрача і быў шпіталізаваны. 19 красавіка стан хворага пагоршыўся, і яго даставілі ў спецыялізаваную бальніцу. Праведзены ўчора тэст на вірус H7N9 даў станоўчы вынік.
У час знаходжання ў Сучжоу хворы не меў кантактаў з птушкай і не ўжываў недаваранае мяса і яйкі хатняй птушкі.
Усе 139 асоб, якія мелі кантакты з хворым, знаходзяцца пад медыцынскім наглядам. - Р -