Старшыня КНР Сі Цзіньпін здзейсніў інспекцыйную паездку па горадзе Цяньцзінь, падчас якой ён заклікаў да садзейнічання ўстойліваму і здароваму развіццю эканомікі і нястомным намаганням да паляпшэння ўзроўню жыцця насельніцтва.
Старшыня КНР перш за ўсё азнаёміўся з ростам летніх сельскагаспадарчых культур, пабываўшы на пшанічных палях у прыгарадзе Цяньцзіня. Затым ён прыбыў у новы гарадскі раён Біньхай. Сі Цзіньпін заклікаў жыхароў раёна адыгрываць вядучую ролю ў аптымізацыі вытворчай структуры, трансфармацыі мадэлі эканамічнага развіцця і ўсебаковым развіцці прамысловых галін на інтэграванай аснове. Была падкрэслена таксама важнасць развіцця індустрыі паслуг з тым, каб стварылася сістэма эканомікі паслуг, якая адпавядае статусу сучаснага мегаполіса.
Сі Цзіньпін таксама азнаёміўся з работай Цяньцзінскага міжнароднага НДІ біятэхналогій і медыцыны. Станоўча ацаніўшы работу персаналу НДІ, Сі Цзіньпін заклікаў да нарошчвання магчымасцяў для навуковых і тэхналагічных інавацый.
Сі Цзіньпін таксама пабываў у гарадскім цэнтры садзейнічання развіццю чалавечых рэсурсаў і гарадскім цэнтры навучання прафесійным навыкам. У гутарцы са студэнтамі, беспрацоўнымі і працоўнымі-мігрантамі Сі Цзіньпін адзначыў, што працаўладкаванне – гэта аснова народнага дабрабыту. Неабходна ўсімі сіламі ствараць умовы для працаўладкавання выпускнікоў ВНУ, моладзі, малазабяспечанага гарадскога насельніцтва, былых вайскоўцаў і працоўных-мігрантаў. Ён, у прыватнасці, заклікаў выпускнікоў ВНУ зыходзіць з рэалій пры пошуку працы і быць гатовымі пачаць працоўную дзейнасць у арганізацыях на нізавым узроўні, загартоўвацца ў месцах з цяжкімі ўмовамі працы. - Р -