4-ы Міжнародны кінафестываль у Пекіне 23 красавіка падвёў вынікі. На ўрачыстай цырымоніі закрыцця былі ўручаны ўзнагароды асноўнага конкурсу кінафоруму. У ім удзельнічалі пятнаццаць стужак, адабраных з 837 прадстаўленых з 88 краін. Сярод работ – ужо тытулаваныя на розных іншых кінафестывалях фільмы, такія як аўстралійская карціна «Ракета», французская рамантычная стужка "Абяцанне", румынская драма "Кармэн", карэйскі фільм "Надзея", грузінская карціна "У цвіценні" пра жыццё дзяўчат-падлеткаў, адзначаная ў Лос-Анжэлесе і Сянгане, драма з Нідэрландаў "Матэрхорн" пра вечную барацьбу бацькоў і дзяцей, якая ўжо двойчы заваявала прызы глядацкіх сімпатый на Маскоўскім і Ратэрдамскім кінафестывалях і новыя карціны, што атрымалі прызнанне гледачоў.
Адкрыў цырымонію сваім маналогам вядомы і таленавіты кітайскі акцёр Ляа Фань, які зусім нядаўна стаў трыумфатарам Міжнароднага кінафестывалю ў Берліне за ролю ў стужцы «Чорны вугаль, тонкі лёд» Дзяа Інаня.
А потым на сцэну выйшла міжнароднае журы, якое ўзначальваў сёлета знакаміты кітайскі рэжысёр Джон Ву. Ён у чарговы раз прывітаў гасцей і арганізатараў і адзначыў, што правёў з вялікай цікавасцю гэты тыдзень, падзякаваў сваіх калег за працу і фестываль за цудоўную магчымасць паглядзець фільмы і паразважаць пра кіно.
А потым былі названы імёны пераможцаў. Уручаць узнагароды выходзілі знакамітыя кітайскія і замежныя артысты , рэжысёры і прадзюсары.
Адразу тры ўзнагароды дасталіся знакамітай стужцы вядомага сянганскага кінарэжысёра Ван Цзявэя (Вонга Карвая) «Вялікі майстар».
Фільм атрымаў прыз за лепшую рэжысуру, прыгажуня кітайскага кіно Чжан Цзыі была адзначана журы за лепшую жаночую ролю фестывалю, а аператар Філіп Ле Сурд за лепшую аператарскую работу.
Лепшым акцёрам фестывалю быў названы Гіьём Гуа за ролю ў французскім фільме «Аціла Марсэль».
Гэтая ж стужка атрымала ўзнагароду ў намінацыі за лепшую музыку кампазітара Сільвэна Хома.
Аўстралійская карціна, якая распавядае пра няпростае жыццё лаоскага хлопчыка, які разам з сям'ёй шукае прытулку, пад назвай «Ракета», дарэчы, адзначаная ўжо прызамі міжнародных кінафестываляў, атрымала ўзнагароду за лепшыя відэаэфекты.
Безумоўна,не застаўся без узнагароды яшчэ адзін кітайскі канкурсант – фільм «Кітайскі партнёр» рэжысёра Пітэра Чана. Лепшая стужка мінулага года ў Кітаі атрымала прыз за лепшы сцэнары.Узнагароду падзялілі тры аўтары Чжыён Чжоу, Цзі Чжан і Лін Айхуа.
Яшчэ дзве ўзнагароды за ролі другога плана падзялілі актрыса карэйскай карціны Рэ Лі «Надзея» і акцёр фільма Патрыса Леконта «Абяцанне» Алан Рыкман.
А лепшай стужкай кінафестывалю, на думку Міжнароднага журы, стала сумесная праца індыйскіх і канадскіх кінематаграфістаў пад назвай «Сідхарт». Квінтэсэнцыя сёлетняга конкурсу, дзе было прадстаўлена шмат фільмаў, так, або інакш звязаных з дзецьмі, іх няпростым лёсам ці выпрабаваннямі, што выпадаюць на долю бацькоў, распавядае гісторыю бацькі, які робіць усё магчымае і немагчымае, каб адшукаць свайго знікнуўшага сына, прайшоўшы праз усю краіну. Рэжысёр і аўтар сцэнарыя Рычы Мехта адзначыў: «Гэта сапраўды нешта асаблівае – атрымаць узнагароду ад Пекінскага кінафестывалю. Наш фільм распавядае пра сур'ёзную трагедыю бацькі, які шукае свайго знікнуўшага сына, гэта стужка пра імпэт і настойлівасць і пра тое, як важна людзям быць добрымі адно да аднаго.
Наш фільм пра чалавечую прыстойнасць , якая аб'ядноўвае грамадства». Менавіта такія падзеі і глыбіня, з якой індыйскі рэжысёр распавёў пра трагедыю звычайнага індыйца, кранулі сэрца старшыні журы і выклікалі, па яго ўласным прызнанні, слёзы суперажывання.
Міжнародны кінафестываль, які праходзіў на працягу тыдня з 16 па 23 красавіка ў сталіцы Паднябеснай зрабіў яшчэ адзін крок у будучыню, каб на наступны год працягваць здзіўляць аматараў кіно лепшым, што было зроблена ў краіне і свеце і каб развіваць сумесную вытворчасць, прывабліваць замежных кінематаграфістаў здымаць і здымацца ў Кітаі.
Вольга Гальпяровіч,
Беларуская служба МРК