Першы міжнародны кінафестываль "Шаўковы шлях" пройдзе 20-24 кастрычніка бягучага года ў горадзе Сіань правінцыі Шэньсі (Паўночна-Заходні Кітай), паведаміла на 17-м Шанхайскім міжнародным кінафестывалі Галоўнае дзяржаўнае ўпраўленне КНР па справах друку, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання сумесна з народным урадам правінцыі Шэньсі.
Летась у Кітаі былі вылучаны стратэгічныя канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Марскога Шаўковага шляху 21-га стагоддзя. Як адзначыў адказны прадстаўнік згаданага ўпраўлення, правядзенне кінафестывалю "Шаўковы шлях" накіравана на садзейнічанне культурным кантактам і супрацоўніцтву паміж краінамі ўздоўж Шаўковага шляху, стварэнне новай платформы для развіцця міжнародных сувязяў у галіне кінематаграфіі, стымуляванне "выхаду" кітайскіх фільмаў за мяжу.
Міжнародны кінафестываль "Шаўковы шлях" стане яшчэ адной платформай для пашырэння кантактаў паміж кінематаграфістамі Кітая і замежных краін пасля Шанхайскага і Пекінскага міжнародных кінафестываляў. Яго плануецца праводзіць штогод, па чарзе ў правінцыях Шэньсі і Фуцзянь (Усходні Кітай).
Арганізатары кінафестывалю "Шаўковы шлях" плануюць запрасіць кінематаграфістаў з больш чым 50 краін і рэгіёнаў, у тым ліку з Расіі, Індыі, Ірана, Турцыі і Тайланда, якія ў апошнія гады дамагліся ўражлівых поспехаў у галіне кіно і тэлебачання. - Р -