18-19 жніўня адбыліся тэлефонныя кансультацыі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі са старшынёй Еўракамісіі Жазэ Мануэлам Барозу. Пра гэта ў аўторак паведаміла прэс-служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Адной з асноўных тэм абмеркавання стала сустрэча высокага ўзроўню, якая пройдзе 26 жніўня ў Мінску ў фармаце Украіна - ЕС - "Еўразійская тройка" / Беларусь, Казахстан, Расія /. На парадак дня саміту плануецца вынесці пытанні, звязаныя з выкананнем Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС, энергетычнай бяспекай і стабілізацыяй сітуацыі ў Данбасе.
Ж. М. Барозу выказаў гатоўнасць адправіць на будучую сустрэчу адразу трох прадстаўнікоў Еўракамісіі: высокага прадстаўніка ЕС па пытаннях бяспекі і знешняй палітыкі Кэтрын Эштан, віцэ-старшыню Еўракамісіі, камісара па пытаннях энергетыкі Гюнтэра Этынгера і камісара па пытаннях гандлю Карла дэ Гюхта.
П. Парашэнка падзякаваў ЕС за намер прыняць шырокі ўдзел у трохбаковым саміце, дадаўшы, што "такі беспрэцэдэнтны крок з'яўляецца пацвярджэннем салідарнасці і падтрымкі Украіны з боку ЕС". --0--