У кітайскай сталіцы ў аўторак уручылі ўзнагароды пераможцам і лаўрэатам прэміі Сусветнага медыя-саміту.
У індывідуальнай намінацыі за высокі прафесіяналізм пераможцам стаў карэспандэнт індыйскай газеты "Хінду" Саінас Палагумі. "Хачу сваімі матэрыяламі паказаць, што цяжкае становішча вёскі, сацыяльная няроўнасць, крызіс водазабеспячэння і іншыя праблемы з кожным днём становяцца ўсё больш сур'ёзнымі, і яны патрабуюць большай увагі журналістаў", - сказаў ён у сваёй прамове.
Лепшай камандай навін стаў калектыў праграмы "Усход 101" англамоўнага канала "Аль-Джазіра". "У дакументальным фільме, дзякуючы якому нас удастоілі ўзнагароды, мы расказваем пра палітычныя перамены ў некаторых азіяцкіх краінах, аб сямейным гвалце, адукацыі і іншых праблемах. Дзякуй камісіі за прызнанне вынікаў нашай працы", - сказаў выканаўчы прадзюсар праграмы.
Прэмію за наватарскі падыход да раскрыцця тэм атрымала журналісцкае расследаванне масавых забойстваў у ЗША "Што стаіць за кровапраліццем", апублікаванае ў газеце "Ю-Эс-Эй тудэй" / USA Today /.
У катэгорыі новых медыя лепшым быў прызнаны рэпартаж амерыканскага інфармацыйнага агенцтва "Глобал пост".
Спіс чатырох пераможцаў і 19 лаўрэатаў прэміі быў апублікаваны ў кастрычніку 2014 года.
Арганізатар сёлетняга Сусветнага медыя-саміту - кітайскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Сіньхуа. На цырымонію ўручэння ўзнагарод прыйшлі высокапастаўленыя прадстаўнікі вядучых СМІ планеты.
Прэмія Сусветнага медыя-саміту - першая комплексная ўзнагарода ў медыясферы, якая ахоплівае розныя інфармацыйныя фарматы: ад традыцыйных друкаваных СМІ, фота- і відэаматэрыялаў да інтэграваных медыя. 0-