Старшыня КНР Сі Цзіньпін у Доме народных сходаў правёў перамовы з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам.
Сі Цзіньпін вітаў прыбыццё С.Саргсяна ў КНР з дзяржаўным візітам і яго ўдзел у штогадовай сесіі Бааоскага азіяцкага форуму-2015.
Сі Цзіньпін падкрэсліў, што ўрад КНР заклікае кітайскія кампаніі да актыўнага ўдзелу ў праектах Арменіі па такіх напрамках, як транспарт, карысныя выкапні, электраэнергія, інфармацыйная сфера і будаўніцтва аб'ектаў інфраструктуры. Кітайскі бок мае намер раскрыць свае перавагі ў галіне тэхналогій і абсталявання ў рамках праекта стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху і разгледзець з Арменіяй магчымыя аптымальныя формы супрацоўніцтва, а таксама спадзяецца на актыўнае прасоўванне з боку Арменіі пашырэння супрацоўніцтва паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і КНР. Кітай будзе працягваць дапамагаць Арменіі ў разгортванні праграмы вывучэння кітайскай мовы, павялічваць колькасць урадавых стыпендый для навучання ў Кітаі і ўмацоўваць абмены і ўзаемадзеянне паміж кітайскімі і армянскімі спецыялістамі ў галіне культуры і навукі.
У сваю чаргу, С.Саргсян адзначыў, што Кітай – гэта самы важны напрамак знешняй палітыкі Арменіі; улады спадзяюцца на ўключэнне важных праектаў Арменіі ў галіне інфраструктуры ў канцэпцыю эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Арменія будзе актыўна папулярызаваць вывучэнне кітайскай мовы, засноўваць Інстытуты Канфуцыя і ўзмацняць двухбаковыя абмены ў гуманітарнай сферы.
Сі Цзіньпін паказаў, што ўзмацненне каардынацыі і ўзаемадзеяння па найбольш важных міжнародных і рэгіянальных пытаннях дазваляе абараняць агульныя інтарэсы Кітая і Арменіі, а таксама стымуляваць мір, бяспеку і стабільнасць.
С.Саргсян заявіў, што Кітай карыстаецца значным уплывам у міжнародных справах і адыграў важную ролю ў забеспячэнні міру і стабільнасці ў свеце. КНР прытрымліваецца палітыкі раўнапраўя ўсіх краін незалежна ад іх памераў, нязменна развівае адносіны з іншымі краінамі на аснове прынцыпаў раўнапраўя і ўзаемапавагі, і Арменія высока ацэньвае гэты факт. Арменія і Кітай сфарміравалі адносіны цеснага супрацоўніцтва ў рамках міжнародных шматбаковых арганізацый, і армянскія ўлады маюць намер узмацняць супрацоўніцтва з КНР.
Пасля завяршэння перамоў кіраўнікі Кітая і Арменіі падпісалі і апублікавалі Сумесную дэкларацыю КНР і Рэспублікі Арменія "Аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін сяброўскага супрацоўніцтва". Лідары таксама прысутнічалі пры падпісанні шэрагу дакументаў аб двухбаковым супрацоўніцтве ў гандлі, эканоміцы, фінансах, правапрымяненні, мытні, адукацыі і турызме. - Р -