Адзін з найвялікшых філосафаў у свеце Канфуцый (лацінізіраванае ад Кун Фу-цзы) — заснавальнік школы «жу-цзя». Гады яго жыцця: 551-479 гг. да н.э. Ён – стваральнік канфуцыянства, найстаражытнага філасофскага вучэння, і аднаго з трох галоўных этыка-рэлігійных вучэнняў, стваральнік школы «жуцзя», г. зн. «школы вучоных- інтэлектуалаў». Гістарычны помнік і музейны комплекс, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя і магіла Канфуцыя, называюць Храмам Канфуцыя, сядзібай Канфуцыя і лесам Канфуцыя. Гэта месца пакланення адлюстроўвала павагу імператараў розных дынастый да вялікага Кунцзы і да вучэння школы «жу-цзя», якая заняла заўважнае месца ў гісторыі і культуры Кітая і ўсяго Усходу.
Храм Канфуцыя, сядзіба Канфуцыя і лес Канфуцыя называюць таксама «трыма памятнымі мясцінамі, звязанымі з Канфуцыем». Яны размешчаны ў Цюйфу (правінцыя Шаньдун).
Храм Канфуцыя, названы Першым храмам Кітая, -- асноўнае месца пакланення Канфуцыю. У 478 г. да н.э., на 2-і год пасля смерці філосафа, кіраўнік княства Лу ператварыў дом, дзе жыў вучоны, у першую кумірню для ахвярапрынашэнняў. Тут захоўваліся рытуальныя музычныя інструменты, адзенне, галаўныя ўборы, штогадова ажыццяўляліся цырымоніі пакланення. Спачатку ў доме было ўсяго тры памяшканні. Па меры таго, як у 2-м стагоддзі да н.э. канфуцыянскае вучэнне паступова станавілася артадаксальным і набыло статус афіцыйнай ідэалогіі Кітая, імператары розных эпох пашыралі храм Канфуцыя. Паступова ён ператварыўся ў храмавы комплекс. На пачатку 18 стагоддзя па загадзе цінскага імператара Цяньлуна была ажыццёўлена буйнамаштабная рэканструкцыя храма, і ён набыў цяпершані выгляд.
Тэрыторыя храма з поўдня на поўнач складае больш за 1000 м, яго плошча - прыкладна 100 тыс. кв. м. У храмавым комплексе каля 500 памяшканняў. Гэта архітэктурны ансамбль, які па маштабах саступае толькі імператарскім палацу Гугун. Строгае і велічнае збудаванне лічыцца годным узорам кітайскай храмавай архітэктуры.
Храм-мемарыял пабудаваны па самых высокіх архітэктурных нормах феадальнага грамадства, яго задума - гэта падабенства імператарскага палаца. Галоўныя будынкі размешчаны ўздоўж цэнтральнай восі, з поўначы на поўдзень. Дапаможныя стаяць сіметрычна, па левым і правым баках. Будынак выглядае стройным і цудоўным. Павільёны храма маюць 9 ярусаў, у храме - 9 шэрагаў двароў. У галоўным павільёне Дачэндзянь 9 пакояў. «9» - самая вялікая няцотная лічба ў межах 10. Яна - сімвал імператара. Ніхто, акрамя імператара, не меў права ўжываць сімволіку, звязаную з лічбай 9. Парушальніка чакала смяротнае пакаранне. Выключэннем стаў толькі храм Канфуцыя. Перад галоўным павільёнам узведзены пяць брамаў. Паводле рытуалу, такое мажліва было толькі для імператарскага архітэктурнага ансамбля. Храм Канфуцыя мог служыць для рытуалаў імператарскага ўзроўню.
Ядро храмавага комплексу Канфуцыя - павільён Дачэндзянь, які мае прыкладна 30-ці метровую даўжыню; шырыня яго з усходу на захад складае больш за 50 м. Дах павільёна пакрыты залатой дахоўкай. Бліскучы і цудоўны павільён можа параўнацца з павільёнам Тайхэдзянь ў імператарскім палацы Гугун у Пекіне. 10 франтальных каменных калон з рэльефнай выявай драконаў выкананы ва ўнікальным стылі і прыцягваюць шматлікіх наведвальнікаў, паколькі выглядаюць як жывыя. Калоны маюць вышыню 6 м і метр у дыяметры. Разьба па камені - вельмі элегантная і рэдка сустракаецца ў збудаваннях старажытнага Кітая. Гэта - шэдэўр мастацтва разьбы, яму саступаюць нават калоны імператарскага палаца Гугун.
У храме Канфуцыя больш за 2 тыс. каменных стэл з высечанымі на іх каліграфічнымі надпісамі розных дынастый, нават 50 калон з надпісамі аб наданні тытула і аб ахвяраваннях імператараў розных дынастый. Гэты лес стэл - адзін з самых буйных, што ў поўнай меры адлюстроўвае высокі прэстыж Канфуцыя ў феадальным Кітаі.
Па суседстве з храмам Канфуцыя размешчана сядзіба Канфуцыя, дзе з пакалення ў пакаленне жылі яго нашчадкі. Гэта адна з самых вялікіх сядзіб, яна саступае толькі імператарскай рэзідэнцыі эпохі дынастый Мін і Цін (1368-1911гг.).
Ансамбль храма Канфуцыя пабудаваны пры дынастыі Сун і Цзінь (12-13 стст. н.э.). Гэтаму архітэктурна-паркаваму комплексу ўласцівыя рысы тыповай феадальнай сядзібы арыстакратыі. Ансамбль храма Канфуцыя займае плошчу больш за 50 тыс. кв. м і налічвае прыкладна 500 асобных памяшканняў. Пярэдняя частка ансамбля - службовая, а задняя - жылая. Аблічча павільёнаў носіць характэрныя рысы, уласцівыя архітэктуры дынастый Мін (1368-1644) і Цін (1644-1911). Рэліквіі, якія захоўваюцца ў павільёнах храма Канфуцыя, маюць выключную гістарычную і культурную каштоўнасць.
Гай Канфуцыя - так называюцца радавыя могілкі Канфуцыя. Яны лічацца самымі буйнымі і найбольш захаванымі ў Кітаі. З павышэннем аўтарытэту вучэння Канфуцыя «радавы гай» бесперапынна пашыраўся. У эпоху Цін ён займаў плошчу 2 кв. км. Тут паўсюль - каменныя стэлы з эпітафіямі і каменныя статуі. Самыя раннія належаць да часу праўлення дынастыі Хань (206 г. да н.э. - 220 г. н.э.), пазнейшыя - да эпох Мін і Цін. Такіх стэл больш за 5 тыс. Гай Канфуцыя - незаменная крыніца для вывучэння палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця Кітая, для даследавання старажытных пахавальных звычаяў.
Храм Канфуцыя, гай Канфуцыя і ўвесь храмавы ансамбль Канфуцыя - выключная культурная каштоўнасць. Стварэнне Храма Канфуцыя значна ўзбагаціла сусветную цывілізацыю, асабліва ўсходнюю. 17 тыс. векавых дрэў, якія растуць побач з гэтымі трыма будынкамі, - жывыя сведкі гісторыі, каштоўны навуковы матэрыял для навукоўцаў-кліматалогаў і эколагаў.
Паводле рашэння ЮНЕСКА ад 1994 года, храм, гай і ўвесь архітэктурны ансамбль храма Канфуцыя былі ўключаны ў Рэестр помнікаў сусветнай культурнай спадчыны.
-о-