Доўфу – тварог з соевага малака – традыцыйны прадукт краіны, асноўным матэрыялам для яго прыгатавання можна назваць соевыя бабы. Доўфу стаў адным з самых папулярных у свеце прадуктаў. Яго адрознівае просты працэс прыгатавання і вялікая пажыўнасць. Доўфу ядуць сырым, яго выкарыстоўваюць таксама і ў прыгатаванні разнастайных гарачых і халодных страў кітайскай кухні.
Па ўтрыманні расліннага бялку соевыя бабы (сыравіна для доўфу) могуць зраўняцца з рыбнымі і мяснымі прадуктамі. Соевы тварог і іншыя соевыя прадукты ўтрымліваюць таксамана 8 неабходных чалавеку амінакіслот. Частае ўжыванне соевага тварагу дапаможа знізіць утрыманне халестэрыну ў крыві, паменшыць пагрозу развіцця атэрасклерозу і іншых сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Доўфу мае тонкі і далікатны смак, з яго можна гатаваць розныя закускі, супы, заціркі. Яго дадаюць і ў мясныя стравы. У Кітаі колькасць страў з доўфу дасягае некалькіх тысяч відаў, некаторыя з іх ужо вядомыя ва ўсім Кітаі і нават у свеце. Некаторыя кітайскія кухары, якія спецыялізуюцца на доўфу, здольныя прыгатаваць банкетны стол толькі з доўфу. Звычайны соевы тварог у руках майстра можа ператварыцца ў сапрыўдны далікатэс. Зараз і на стале простых кітайскіх сем'яў, і ў гарадскіх і сельскіх гасцініцах, і ва ўсіх рэстаранах Кітая можна пакаштаваць розныя смачныя стравы з соевага тварагу.
З павышэннем узроўню тэхналогіі прыгатавання соевага тварагу, у Кітаі і за яго межамі пастаянна з'яўляюцца новыя гатункі доўфу, такія, як марожаны доўфу, вадкі доўфу, а таксама гароднінны, яечны, малочны доўфу, доўфу з марскім багавіннем, з вітамінамі і інш.
У Кітаі доўфу дзеляць на дзве вялікія разнавіднасці: паўночны і паўднёвы. Пры гатаванні паўночнага доўфу трэба выкарыстоўваць расол, колер у паўночнага доўфу малочны, смак саладкаваты і гаркаваты, у ім менш вадкасці. Пры прыгатаванні паўднёвага доўфу выкарыстоўваюць гіпс – колер такога тварагу снежны, смак тонкі і далікатны, гэта сыраваты доўфу. Паўночны прыдатны для тушэння, смажання, ён ідзе на прыгатаванне розных начынак. Паўднёвы доўфу прыдатны для тушэння, варэння, супоў і пахлёбак, а таксама халодных страў і закусак. - 0 -