Сёння ў межах акцыі, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння славутага польскага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна, у нацыянальным Цэнтры выканальніцкіх мастацтваў Пекіна выступяць піяністы Уладзімір і Воўка Ашкеназі. Дуэт бацькі і сына неаднойчы выходзіў на сцэну ў розных краінах свету, аднак у Кітаі разам сваю праграму яны прадстаўляюць упершыню. Уладзімір Ашкеназі – музыкант сусветнага ўзроўню, пераможца Другога Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага ў Маскве, лаўрэт 5-га Міжнароднага конкрусу імя Шапэна ў Варшаве, лаўрэат прэміі Grammy гэтага года разам з піяністам Яўгенам Кісінам з Расіі, уладальнік шматлікіх узнагарод за выкананне класічных твораў, неаднойчы супрацоўнічаў з аркестрамі з краін Азіі. Сустрэча з пекінскім слухачом для яго вельмі цікавая і доўгачаканая.
Клод Дэбюсі, Марыс Равэль, Франсіс Пуленк, Аляксандр Скрабін і Аляксандр Барадзін – менавіта з твораў гэтых кампазітараў скаладаецца праграма сённяшняга канцэрта Уладзіміра і Воўкі Ашкеназі. Паводле слоў спадара Уладзіміра, яна атрымалася такой, таму што гэта цікавыя творы. «Гэта пытанне практыкі і камфорту: якіх кампазітараў выбіраць і што іграць падчас выступлення ў новай краіне. У нас было мала часу для падрыхтоўкі, а паколькі Равэля мы ігралі раней, то нам было лёгка яго разам узгадаць. Аднак мы ўключылі ў сваю праграму твор, які раней ніколі не выконвалі. Я думаю, што мы склалі цікавую і разнастайную праграму з твораў рускіх і французскіх кампазітараў», - адзначыў піяніст.
Напярэдадні свайго выступлення Уладзімір і Воўка Ашкеназі правялі адкрытую прэс-канферэнцыю ў Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў, дзе адказалі на шматлікія пытанні пра творчасць, сучасную музыку і многае іншае. Некаторыя юныя піяністы выканалі для гасцей творы Шапэна, атрымалі апладысменты і нават пэўныя парады ад маэстра. Уладзімір Ашкеназі выказаў захапленне талентам сваіх кітайскіх калег і жаданне супрацоўнічаць.