У малацэ ўдала спалучаюцца розныя пажыўныя рэчывы, таму ўжыванне малака вельмі карысна для здароўя чалавека.
Амерыканскія даследчыкі выявілі, што кальцый, які ў вялікай колькасці ўтрымліваецца ў малацэ, дапамагае зніжаць вагу і ўмацоўваць атрыманыя вынікі. Увесь сакрэт уплыву малака на камплекцыю чалавека хаваецца менавіта ў высокім утрыманні ў ім кальцыю. Справа ў тым, што кальцый стымулюе метабалічную трансфармацыю тлушчаў. Яго высокае ўтрыманне ў арганізме паскарае іх пераварванне клеткамі і не дае ім назапашвацца ў тлушчавай тканіне.
Сёння ў крамах – вялікая колькасць малочных прадуктаў, у выбары якіх лёгка заблытацца. На кожнай упакоўцы ўказаны працэнт тлушчу. Якому малаку аддаць перавагу?
На думку вучоных, самым карысным з'яўляецца сырадой. Ён мае ўнікальнае бактэрыцыднае дзеянне, гэта значыць, здольны знішчаць шкодныя бактэрыі. У жыхароў гарадоў няма магчымасці піць сырадой, і яны, у сваім імкненні атрымаць карысны прадукт, купляюць часцяком той, на якім паказаны высокі працэнт тлушчу. І не заўсёды маюць рацыю.
Смакавыя якасці малака залежаць перш за ўсё ад тлустасці: чым больш тлустае малако, тым яно гусцейшае, больш насычанае і смачнае. Цэніцца вышэй малако, тлустасць якога складае 3,2 і 3,5%. Гэта малако сярэдняй тлустасці, яно карысна ўсім здаровым людзям: дзецям і дарослым.
Малако з тлустасцю звыш 3,5% называецца прадуктам павышанай тлустасці. Яго атрымліваюць, дадаючы ў малако вяршкі. Тлустае малако мае жаўтавата-масляністае адценне. Такое малако ў вялікай колькасці не карысна для арганізма. Яго варта выключыць з рацыёну людзям з залішняй вагой і тым, хто схільны да сардэчна-сасудзістых захворванняў. Але яно незаменна тым, чыя праца звязана з высокімі фізічнымі нагрузкамі, бо менавіта малочныя тлушчы – каштоўная крыніца энергіі. Яны дапамагаюць паменшыць агульную колькасць спажыванай ежы, неабходнай для штодзённых энергазатрат чалавека.
Малако з паніжанай нормай тлушчаў называюць абястлушчаным. У ім утрымліваецца ў некалькі разоў менш тлушчу: ад 1,0 да 2,5%. Затое яно мае значную перавагу: у любым абястлушчаным малацэ значна больш бялку. Малако паніжанай тлустасці рэкамендавана людзям, якія вядуць маларухомы лад жыцця, маюць залішнюю вагу ці схільнасць да паўнаты, пакутуюць на атлусценне, сардэчна-сасудзістыя і страўнікава-кішэчныя захворванні.
Малако з тлустасцю ад 0,05 да 1,0% дыетолагі называюць бялковым. Гэта - дыетычны прадукт, прызначаны ў асноўным для хворых з бялковай недастатковасцю. - 0 -