Беларусь і Кітай – шлях насустрач адно аднаму. Вынікі першага Форуму ШАС па супрацоўніцтву ў галіне культуры.
  2010-12-10 10:11:42  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Беларусь і Кітай – шлях насустрач. Вынікі першага форуму ШАС па супрацоўніцтве ў галіне культуры.

З 22 па 27 лістапада ў Нанкіне (правінцыя Цзянсу) прайшоў форум Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), прысвечаны развіццю сумеснай дзейнасці ў галіне індустрыі культуры, арганізаваны Міністэрствам культуры КНР разам з мэрыяй г.Нанкіна.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Сакратарыята ШАС, краін-членаў ШАС (Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан), дзяржаў-назіральнікаў пры ШАС (Пакістан, Іран), а таксама краін-партнёраў па дыялогу ШАС (Шры-Ланка, Беларусь). Беларусь на форуме прадстаўляў першы сакратар Пасольства РБ у Кітаі Сяргей Вяргейчык. Кітайскае прадстаўніцтва ўзначальваў начальнік Упраўлення міжнародных культурных сувязяў Міністэрства культуры КНР Дун Цзюньсінь.

Першы сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь Сяргей Вяргейчык перакананы, што падобныя сустрэчы дапамагаюць наладзіць больш цесныя міжнародныя кантакты, знайсці новыя ідэі супрацоўніцтва і рэалізаваць рэальныя праекты у галіне культуры. У гэтым ён прызнаўся ў інтэрв'ю нашаму радыё.

Перш за ўсё, Сяргей Сяргеевіч звярнуў увагу на той прыемны факт, што Беларусь прысутнічала на Форуме ў новым статусе краіны-партнёра па дылогу.

- Беларусь упершыню прысутнічала на форуме ў новым статусе як партнёр па дыялогу. Мерапрыемства было вельмі цікавае, ды і ўдзельнікі ад розных дзяржаў – прадстаўнічыя і адказныя людзі. Праграма была вельмі насычаная, чым заўжды адрозніваецца Кітай у арганізацыі падобных сустрэч. Удзельнікі форуму наведалі шэраг кампаній і прадпрыемстваў у галіне культуры. Арганізатары паказалі цікавыя выступленні творчых калектываў.

- Сяргей Сяргеевіч, як вы мяркуеце, нанкінцы паказалі вам самае лепшае, чым яны сапраўды ганарацца ў галіне культуры?

- Так, безумоўна. Асаблівую цікавасць выклікала наведванне Нанкінскага індустрыяльнага парку праграмнага забеспячэння, які спецыялізуецца ў выпуску анімацыі. Гэта тэма, дарэчы, цікавіць і беларусаў, бо ў нашай краіне праводзіцца вялікая работа па рэфармаванні і ўдасканаленні кінаіндустрыі. Хачу падкрэсліць, што ў Нанкіне створана дзяржаўная база анімацыйнай індустрыі. Усе наведвальнікі падчас сустрэчы былі ўражаны аб'ёмамі вытворчасці. Дырэктар кампаніі расказаў нам, што кожны год яго кампанія вырабляе 1000 хвілін анімацыі. Мой калега з Расіі генеральны прадзюсар кінакампаніі "Майстар-фільм" Аляксандр Герасімаў, які сам часта арганізуе форумы і сустрэчы мультыплікатараў, сказаў, што яго гэта лічба вельмі ўразіла. Такіх вынікаў ён не памятае з часоў Савецкага Саюза. Каля 150 супрацоўнікаў працуюць у гэтай кітайскай кампаніі, і такія аб'ёмы вытворчасці!

- Я разумею, што галоўная здача форуму – абмяняцца вопытам з гасцямі і ўдзельнікамі, прадэманстраваць лепшае ў галіне культуры. На што больш за ўсё звярталі ўвагу кітайскія калегі, што можна нам пераняць як вопыт?

- Мяне вельмі ўразіла дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, якое ў Кітаі знаходзіцца зараз у самым росквіце. Мы наведалі музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва правінцыі Цзянсу, у якім сабраны як старадаўнія калекцыі, так і сучасныя. Кампанія, якая працуе ў рамках музея, знаходзіць сілы і сродкі для навучання жадаючых традыцыйным відам мастацтва. На базе музея арганізавана вытворчасць вельмі высокай якасці. Вырабы майстроў выкарыстоўваюцца для падарункаў на самым высокім узроўні, уручаюцца кіраўнікам дзяржаў і ганаровым гасцям.

Кітайскі бок праявіў цікавасць да выстаў-кірмашоў, ішла нават размова аб магчымай дэманстрацыі твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая і ў Беларусі.

У арганізатараў форуму асаблівы гонар выклікае майстэрства вырабу парчы. У правінцыі Цзянсу яно вельмі развіта. Ёсць нават цэлы музей. Кожная сям'я, якая працуе з парчой, мае свае сакрэты. Гэтыя таямніцы асабліва тычацца майстэрства афарбоўкі тканіны, шаўковых ніцяў, што найбольш уразіла нашых пакістанскіх калег. Яны пачалі вельмі актыўна распытваць майстроў, аднак тыя не раскрылі сакрэтаў. Нам паказалі ўзоры не толькі тканіны, але і вырабаў з яе, модных і сучасных, што выклікала, натуральна, захапленне. Кітай вельмі зацікаўлены ў рэалізацыі такой прадукцыі за мяжой. Але мушу адзначыць, што цэны вельмі высокія.

- Вы ўжо адзначылі некаторыя моманты, дзе судакранаюцца інтарэсы Беларусі і Кітая. На вашу думку, у якой сферы яшчэ можна абменьвацца вопытам?

- Для Беларсусі можа быць цікавы вопыт Кітая ў фарміраванні творчых кластэраў. Гэта пераабсталяваныя старыя фабрыкі, якія выкарыстоўваюцца як выставачныя плошчы, офісы для дызайнерскіх студый, анімацыйных кампаній, вытворцаў праграмнага забеспячэння. Мэрыя Нанкіна аказвае дапамогу ў стварэнні адпаведнай інфраструктуры. Дзяржава падтрымлівае падобныя праекты. Напрыклад, знайшлі вялізную старую фабрыку, зрабілі рэмонт, і на гэтых плошчах стварылі ўмовы, якія дапамагаюць кампаніям стаць на ногі, развіваць свой бізнес. Нам паказалі работы дызайнерскіх калектываў, якія ўдзельнічалі ў адкрыцці і закрыцці Пекінскай алімпіяды і падчас ЭКСПА-2010 у Шанхаі, створаныя на базе гэтага творчага кластэра.

- Ці была нагода для таго, каб удзельнікі прадставілі праекты ці дамовіліся аб супрацоўніцтве?

- У рамках форуму і ў рамках ШАС ідзе размова пра ўстанаўленне доўгатэрміновага супрацоўніцтва, але перадусім для краін-удзельніц ШАС. Тым не менш, мы, як партнёры па дыялогу, павінны праявіць ініцыятыву і прымаць удзел у падобных форумах, а потым, магчыма, арганізаваць нешта падобнае і ў нашай краіне. У лістападзе сёлета адбыўся 9-ы саміт кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц ШАС, на якім прэм'ер Дзяржсавета КНР Вэнь Цзябаа ініцыяваў правядзенне ў Кітаі першага фестывалю мастацтваў студэнтаў у межах ШАС. Так што Кітай і надалей імкнецца адыгрываць лідзіруючую ролю.

У рамках форуму арганізатары хацелі знайсці магчымасці для далейшага супрацоўніцтва. Прыемна было ўсведамляць, што пра Беларусь ведаюць, у прыватнасці, нашы партнёры ў КНР. Тройчы ў фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ўдзельнічалі кітайскія калектывы, і сёлета зноў яны праявілі цікавасць да гэтага форуму мастацтваў. Ёсць цікавасць у правядзенні выстаў. Ёсць вялікая цікавасць ва ўсталяванні кантактаў паміж прадстаўнікамі тэатральных колаў. Кітайскі бок выказаў зацікаўленасць удзелам беларусаў у 33-м Сусветным кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра, які ў наступным годзе пройдзе ў Сямэні. А таксама выказалі жаданне, каб кітайскія майстры тэатра наведалі Беларусь. Мы будзем шукаць шляхі садзейнічання і падтрымкі гэтым ініцыятывам.

Зараз пасольства аказвае неабходнае садзейнічанне Мінкульту Беларусі ў кантакце з калегамі з Міністэрства культуры КНР па рэалізацыі падпісанага пратакола аб супрацоўніцтве. Асноўная форма такога ўзаемадзеяння – Дні культуры. Сёлета дні культуры Беларусі ў Кітаі ўжо прайшлі. Нашы "Песняры" і "Харошкі" выступілі с поспехам у Пекіне і Чунціне. Бакі дамовіліся аб правядзенні Дзён культуры Кітая ў Беларусі ў наступгым годзе, і мы працуем над гэтым праектам. Акрамя гэтага, у кастрычніку прыязджаў дзяржаўны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча. Кітайскім гледачам вельмі спадабалася іх праграма. Ансамбль браў удзел у 8-м міжнародным фестывалі ў Сучжоу. У Пекіне прайшоў гала-канцэрт гэтага свята, куда таксама завіталі і беларусы. Кітайцы выказвалі прапановы арганізоўваць і ў будучым падобныя выступленні. Акрамя гэтага, нашы кітайскія сябры з вялікай увагай ставяцца да беларускага балета. 24 снежня ў Пекіне адбудзецца выступленне Беларускага нацыянальнага балета, які апошні раз паказваў сваё майстэрства ў Паднябеснай у 2005 годзе.

Вольга Гальпяровіч, Беларуская рэдакцыя МРК

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040