Нацыянальны цэнтр выканальніцкіх мастацтваў Пекіна адзначае сваё трохгоддзе.
  2010-12-24 14:30:27  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Вынік трохгадовай працы Нацыянальнага цэнтра выканальніцкіх мастацтваў Пекіна – уласныя аркестр і хор, рэпертуар, які складаецца з 15 разнастайных пастановак, вялікая колькасць выступленняў і сяброў у розных краінах свету – менавіта пра гэта гаварылася на сустрэчы з журналістамі, якая прайшла напярэдадні святкавання гадавіны.

Сваё трохгоддзе Нацыянальны цэнтр выканальніцкіх мастацтваў Пекіна (Вялікі тэатр) вырашыў адзначыць па традыцыі новымі праектамі і актыўным зваротам да публікі. На працягу тыдня, з 22 па 29 снежня, тут будуць адбывацца святочныя мерапрыемствы.

За мінулыя тры гады ў Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў адбылося 3807 выступленняў, у якіх узялі ўдзел больш за 89 тысяч кітайскіх і замежных артыстаў. На сцэну Вялікага тэатра Пекіна выходзілі госці з 30 правінцый Кітая, сярод якіх артысты і музыканты з Аамэня і Сянгана. Колькасць гледачоў за гэты час таксама захапляе: каля пяці з паловай мільёнаў чалавек. У рэпертуары на сённяшні дзень – 15 вялікіх твораў уласнай вытворчасці розных жанрай: Пекінская опера, балет, драматычныя пастаноўкі і класічныя оперныя спектаклі. Гонар Нацыянальнага цэнтра выканальніцкіх мастацтваў – уласныя творчыя калектывы: сімфанічны аркестр і хор. Іх стварэнне дало магчымасць актыўна ладзіць канцэрты і сур'ёзныя оперныя пастаноўкі. Як прызналіся ў тэатры, за тры гады Нацыянальны цэнтр выканальніцкіх мастацтваў здолеў стаць сапраўдным творчым арыенцірам для публікі, якая цікавіцца сур'ёзным, высокім мастацтвам. Дзень нараджэння тэатра – свята не толькі для тых, хто тут працуе, але, перадусім, для публікі.

Стала добрай традыцыяй пачынаць тыдзень святкаванняў з дня адкрытых дзвярэй. Сёлетні сезон не стаў выключэннем. 22 снежня ў тэатр мог завітаць кожны, хто пажадаў спрычыніцца да сапраўднай творчасці. Арганізатары пастараліся, каб публіка не сумавала. У Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў спецыяльна да трохгоддзя падрыхтавалі насычаную праграму: адразу на некалькіх сцэнах, у фае, у вялікіх калідорах праходзілі канцэрты з удзелам творчых калектываў тэатра. Народная, класічная, камерная музыка, урыўкі з опер і драматычных спектакляў былі прадстаўлены на святкаванні. Гледачы фатаграфаваліся з артыстамі. На думку арганізатараў свята, гэта вельмі моцна збліжае публіку і майстроў сцэны.

Спецыяльна да свята ў галерэі Нацыянальнага цэнтра выканальніцкіх мастацтваў адбыўся паказ работы, створанай да трохгоддзя тэатра. Вялікае палатно даўжынёй сем метраў і вышынёй 2 с паловай пад назвай «Сустрэча ў Дзяржаўным вялікім тэатры» адлюстроўвае яркія старонкі трохгадовай дзейнасці вялікага калектыву. Тут змешчаны партрэты 42 вядомых кітайскіх і замежных музыкантаў, якія зрабілі творчы ўклад у гісторыю Вялікага тэатра. На розных паверхах Нацыянальнага цэнтра выканальніцкіх мастацтваў размешчаны тэматычныя выставы, у якіх таксама – старонкі гісторыі калектыву, яркія моманты з пастановак і жыцця тэатра.

24 і 25 снежня адбудуцца ўрачыстыя канцэрты, якія адзначаць тры гады інсавання ў цэнтры Пекіна сапраўднай крыніцы класічнага і сучаснага мастацтва не толькі Кітая, але і яго гасцей. Упершыню прагучыць «Сімфонія, прысвечаная Дзяржаўнаму вялікаму тэатру», напісаная вядомым кампазітарам Го Вэньцзінам. Серыя канцэртаў, складзеных з твораў класікі сусветнай оперы, працягне святочны тыдзень.

Безумоўнай творчай удачай Вялікага тэатра можна назваць дзве арыгінальныя пастаноўкі, прымеркаваныя да яго трохгоддзя: драматычны балетны спектакль «Джэйн Эйр» - незабыўная гісторыя кахання, дзе праявілася вытанчаная работа галоўных акцёраў Ван Ло Юна і Чжу Цзе, і балет «Марка Пола», музыку да якога напісаў Чжан Цяні. У пастаноўцы балета пра гісторыю кахання і падарожжа ў Кітай знакамітага італьянца прынялі ўдзел як кітайскія майстры сцэны (рэжысёр Чэнь Вэя), так і госці. Мастак па святлу пастановак – Уладзімір Лукасевіч з Марыінскага тэатра.

Таксама для аматараў традыцыйнага класічнага мастацтва Кітая ў тэатры падрыхтавалі пастаноўкі Куньшанскай оперы «Півоневая альтанка» і «Палац бессмяротнасці».

Свае тры гады жыцця Нацыянальны цэнтр выканальніцкіх мастацтваў Пекіна сустракае радасна, дасягненнямі і планамі на будучыню. Але на сённяшні момант несумненным з'яляецца тое, што будынак архітэктара Поля Андрэ стаў жывым цэнтрам сучаснага і традыцыйнага мастацтва, месцам, дзе сустракаюцца з гледачамі музы танца, оперы і драмы, дзе жыве творчасць.

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040