Дзве легенды пра жывёл
  2010-12-28 10:12:35  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Існуе мноства легенд, якія тлумачаць узнікненне знакаў усходняга гараскопа, дзве з іх – самыя папулярныя.

Першая, найбольш распаўсюджаная ў Кітаі, расказвае, што аднойчы Буда запрасіў да сябе на дзень нараджэння ўсіх жывёл. Прыйшлі 12 звяроў – надвор'е стаяла халоднае, а каб патрапіць да Буды, трэба было пераплыць шырокую раку. І вось кожнай з жывёл у парадку жывой чаргі Буда падарыў па аднаму году.

Першым прыйшоў Пацук – яму дастаўся першы год 12-гадовага цыкла. Праўда, відавочцы гэтага адметнага «заплыву» сцвярджаюць, што першым дасягнуў супрацьлеглага берага Буйвал, а Пацук, якому не хацелася мокнуць у халоднай вадзе, папрасіў Буйвала перавезці яго на сваёй спіне, і той па дабрыні душэўнай пагадзіўся. Пакуль буйвал абсыхаў, каб паўстаць перад Будай у прыстойным выглядзе, Пацук, саскочыўшы з яго спіны, хуценька пабег наперад і ў чарзе за чаканым «дэфіцытам» апынуўся першым. Таму быў узнагароджаны за «аператыўнасць» і ўменне карыстацца акалічнасцямі. Астатнія жывёлы потым сцвярджалі, што гэта быў не Пацук, а маленькая Мышка, і што яна зусім не папрасілася да Буйвала на спіну, а праехала «зайцам». Буйвал яе не заўважыў і быў вельмі здзіўлены, апынуўшыся ў чарзе другім.

Крыху адстаў ад Буйвала Тыгр, якому дастаўся трэці год.

Балельшчыкі, захопленыя спаборніцтвам паміж Буйвалам і Тыграм, як след не разгледзелі, хто прыйшоў чацвёртым: Трус або Кот. За даўнасцю гадоў ісціну ўстанавіць немагчыма, і ў розных усходніх народаў так і засталося розначытанне адносна гаспадара чацвёртага года.

Пятым быў Дракон, шостай – Змяя, сёмым прыйшоў Конь.

Тут на раку апусціўся туман, і зноў незразумела, хто быў восьмым: Каза або Авечка.

Дзевятай стала Малпа – толькі пераканаўшыся ў бяспецы мерапрыемства, яна ўвайшла ў ваду.

Дзесятым прыбег Певень, які затрымаўся, бо доўга і падрабязна распавядаў сваёй шматлікай сям'і, як яна павінна жыць у яго адсутнасць.

Адзінаццатым прыбег Сабака. З раніцы ў яго было шмат гаспадарчых спраў, і ледзьве з імі ўправіўшыся, ён, разгарачоны, кінуўся ў ваду. Кажуць, потым доўга кашляў.

І, нарэшце, апошнім з'явіўся Кабан. Яму Буда падарыў дванаццаты год.

Іншая легенда апавядае пра тое, што Нефрытавы імператар з нябёсаў паслаў свайго слугу на зямлю, каб той прывёў яму дванаццаць самых прыгожых жывёл. Слуга спусціўся, першым убачыў Пацука і запрасіў яго да імператара. Аўдыенцыю прызначылі на шэсць гадзін раніцы. Пацук узрадаваўся, тут жа пабег прыхарошвацца. Паблукаўшы, слуга вырашыў, што імператару спадабаліся б Буйвал, Тыгр, Трус, Дракон, Змяя, Конь, Авечка, Малпа, Певень і Сабака. Засталося выбраць апошнюю жывёлу. Падарожнічаючы па зямлі, ён шмат чуў аб прыгажосці Ката, таму вельмі доўга шукаў яго. Не знайшоўшы нідзе, слуга папрасіў Пацука перадаць яму запрашэнне. Пацук знайшоў Ката, перадаў запрашэнне. Але Кот быў гультаяваты і любіў паспаць, таму папрасіў Пацука, як прыйдзе час, піхнуць яго ў бок. Пацук спачатку пагадзіўся, але, прыбегшы ў сваю норку, раптам зразумеў, што Кот нашмат прыгажэй і абавязкова засланіць яго сваёй прыгажосцю ў вачах імператара. Такога Пацук вынесці не мог, таму раніцай не стаў будзіць Ката.

У шэсць раніцы наступнага дня ў імператара сабраліся ўсе запрошаныя жывёлы, акрамя Ката, які яшчэ салодка спаў. Самым хітрым і вынаходлівым быў Пацук. Ён ускараскаўся на спіну да Буйвала і пачаў іграць на дудачцы, пакарыўшы тым самым імператара і выклікаўшы ў ім сапраўднае захапленне. За гэта валадар прысудзіў яму першае месца. Буйвалу за яго дабрыню аддаў другое месца, Тыгру – трэцяе, Трусу за прыгожае футра – чацвёртае, Дракону за незвычайнасць знешняга выгляду – пятае, Змяі за мудрасць – шостае, Каню – сёмае, Авечцы – восьмае, Малпе за спрытнасць – дзевятае, Пеўню – дзесятае і Сабаку – адзінаццатае. Тут заўважылі, што апошняй жывёлы, Ката, няма. Слузе давялося вяртацца на зямлю і тэрмінова шукаць апошні сімвал года. Першай яму на вочы трапіла Свіння, яе ён і запрасіў. Імператар прысудзіў Свінні апошняе, дванаццатае, месца.

Кот, прачнуўшыся і зразумеўшы, што вераломны Пацук яго не пабудзіў, панёсся да валадара, але было ўжо позна. Усе 12 знакаў года былі зацверджаны. І нават нягледзячы на тое, што Кот вельмі спадабаўся цару, змяніць ужо нічога было нельга. Таму з тых часоў Кот пакрыўджаны на Пацука, і паміж імі да гэтага часу існуе непрымірымая варожасць.-0-

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040