Падчас Новага года па месячным календары ў Кітаі паўсюль адбываецца падрыхтоўка да свята. У крамах пануе прыкметнае ажыўленне – людзі шукаюць падарункі родным і сябрам. Хтосьці разважае над тым, куды паехаць святкаваць Новы год. У сувязі са Святам вясны ў Кітаі надыходзіць «залаты тыдзень», як называюць гэтыя 7 выхадных зімовых дзён кітайцы. Рыхтуецца да навагодніх свят, якія суправаджаюцца традыцыйнымі феерверкамі, і кітайская сталіца.
Ужо ў 12 стагоддзі майстэрства вырабу феерверкаў дасягнула ў Кітаі сапраўднага росквіту. Яны сталі часткай нацыянальных абрадаў і цырымоній. Прафесар Кітайскага мастацкага інстытута Цзінь Чжылінь ужо шмат гадоў займаецца народным мастацтвам Кітая. 20 гадоў таму ён як вучоны па культурным абмене наведаў Францыю. Дэлегацыя Кітая падчас свята наладзіла феерверкі, якія вельмі спадабаліся французам.
Традыцыя ўзрываць петарды і запускаць феерверкі падчас святкавання Новага года па ўсходнім календары існавала ў Кітай на працягу многіх стагоддзяў. Кітайцы верылі, што грукат феерверкаў і петард адпужвае злых духаў і прыцягвае багацце. Але хто і калі прыдумаў узрываць петарды – невядома. Хаця пра вынаходства пораху, а разам з ім і петард, у Кітаі існуе шмат легенд. Адна з іх расказвае, што порах вынайшаў просты кітайскі кухар, які змяшаў тры кампаненты: серу, соль і драўняны вугаль. Атрыманая сумесь гарэла нашмат лепш, чым звычайныя дровы. Паводле іншай легенды, порах прыдумалі давоскія манахі, якія спрабавалі вынайсці эліксір неўміручасці. Але замест эліксіру яны атрымалі чорны парашок, які ўспыхваў тысяччу рознакаляровых агнёў.
У Кітаі нават распрацавана адмысловая сімволіка вогненных колераў. Кітайцы аддаюць перавагу феерверку блакітнага колеру, які лічыцца сімвалам Даа – жыццёвага шляху. Папулярны таксама жоўты колер – сімвал залатой сярэдзіны; зялёны колер увасабляе стыхію Зямлі, а белы выкарыстоўваецца ў кітайскіх салютах вельмі рэдка, бо ён – сімвал няшчасця, старасьці і жалобы.
Але вернемся ў кітайскую перадсвяточную сталіцу нашых дзён. Аказваецца, у Пекіне на працягу 12 гадоў існавала строгая забарона на святочную піратэхніку. І толькі ў верасні 2005-га сталічны муніцыпалітэт прыняў рашэнне аб адмене той забароны, бо старажытныя традыцыі кітайскай нацыі нельга цалкам выкараняць. Зараз пекінцам дазволена запускаць феерверкі і ўзрываць хлапушкі ў дні кітайскага Новага года і ў іншыя вялікія святы, але толькі ў пэўных месцах, удалечыні ад высокіх будынкаў і гістарычных помнікаў.
Кітай – сусветны лідар па вытворчасці ўсіх відаў забаўляльнай піратэхнікі. У краіне працуе каля 500 спецыялізаваных фабрык па вытворчасці феерверкаў і петард. Рэцэпт вырабу кітайскіх феерверкаў да цяперашняга часу захоўваецца ў строгім сакрэце. Сёння феерверкі, салюты і хлапушкі – неад'емная частка любога свята не толькі ў Кітаі, але і ў многіх іншых краінах свету. - 0 -