Свята Вясны – гэта традыцыйнае, найгалоўнае свята не толькі для ханьцаў, але і для іншых нацыянальных меншасцяў Кітая: маньчжураў, манголаў, чжуанаў, карэйцаў, яацянцаў і іншых. Акрамя кітайцаў, Новы год (па месячным календары) адзначаюць таксама японцы, карэйцы і в'етнамцы. Свята Вясны ва ўжытку называецца «нянь».
Паводле падання, старажытнакітайскі персанаж Нянь – страшэнная рагатая пачвара, якая даўным-даўно жыла ў Кітаі. Цэлы год Нянь знаходзіўся ў марской бездані, і толькі напярэдадні новага года вылазіў з вады, урываўся ў селішчы, жэр там скаціну і забіваў людзей. Таму мясцовыя сяляне вельмі баяліся яго, і штогод перад надыходам новага года ўсе людзі пакідалі вёскі і на адну ноч уцякалі ў горы.
Аднойчы, калі жыхары вёскі Таахуа сабраліся пакінуць свае хаты, да іх прыйшоў стары жабрак. У адной руцэ ён трымаў кій, а ў другой – мяшок. Вяскоўцы якраз зачынялі вокны і дзверы, вялі быкоў і авечак – іншымі словамі, усе былі занятыя, таму ніхто не звярнуў асаблівай увагі на гэтага жабрака. Толькі адна бабулька, якая жыла на ўскрайку, дала яму паесці і ўгаворвала хутчэй сыходзіць адсюль, каб пазбегнуць сустрэчы з Нянем. Аднак стары толькі ўсміхнуўся: «Калі вы дазволіце мне спыніцца ў вашай хаце на адну ноч, я абавязкова выганю пачвару з вашай вёскі».
Бабулька са здзіўленнем паглядзела на старога і пайшла з хаты. Да поўначы Нянь уварваўся ў вёску і адчуў, што тут штосьці не так у параўнанні з мінулымі гадамі – у хаце старой распалены агонь, а дзверы пафарбаваны ў чырвоны колер. Калі пачвара дабралася да ўваходу, у двары пачуўся трэск бамбукавых хлапушак. Нянь не асмеліўся ўвайсці ў двор, бо ён, аказваецца, вельмі баяўся чырвонага колеру, яркага полымя і моцнага шуму. Раптам веснічкі адкрыліся, з іх выйшаў той стары жабрак, апрануты ў чырвоны халат, і гучна зарагатаў. Убачыўшы гэтую «карціну», Нянь спалохаўся і ў паніцы ўцёк.
На другі дзень, гэта значыць у першы дзень новага года, вяскоўцы вярнуліся дадому. Убачыўшы, што ўсё на сваіх месцах, яны ўзрадаваліся. А калі зразумелі, што пачвару прагнаў усяго адзін чалавек, то вельмі здзівіліся. Яны прыбраліся ў новае адзенне і павіншавалі адно аднаго з надыходам спакою, шчасця і дабрабыту. Гэта гісторыя хутка абляцела суседнія вёскі, і з тых часоў людзі даведаліся, як выганяць Няня. Кожны год напярэдадні новага года людзі наклейвалі на дзверы чырвоныя парныя надпісы, запускалі хлапушкі, у дамах усю ноч гарэлі агні...
Гэта традыцыя дайшла і да нашага часу. У параўнанні з іншымі святамі, свята Вясны – самае ўрачыстае ў Кітаі. Да гэтага свята ўсе кітайцы спяшаюцца па неабходныя прадукты і падарункі, рыхтуючыся весела сустрэць Новы год. - 0 -