Правінцыя Цінхай – гэта паўночны захад Кітая. Яна вядома прыгожымі высакагорнымі ландшафтамі. Сёння мы пагуляем па вуліцы далікатэсаў горада Сініна, адміністрацыйнага цэнтра правінцыі Цінхай.
Вуліца далікатэсаў пралягае ва ўсходнім раёне Сініна. Кожны вечар яна становіцца ажыўленай. Людзі прыходзяць сюды, каб павячэраць і проста адпачыць.
У Цінхаі усе любяць локшыну нянпі – традыцыйную мясцовую страву. Яна бывае белая і чорная – абедзве выраблены з пшаніцы з прыправамі. Пра тое, як прыгатаваць гэту локшыну, распавядае мясцовы хлопец нацыянальнасці хуэй Му Хай, які прадае яе на вуліцы: «Спачатку трэба зрабіць з цеста тонкі праснак і прыгатаваць яго на пары. Затым разрэзаць праснак на палоскі, паліць воцатам, алеем з перцам, дадаць гарчыцу, цыбулю-парэй, часнок. Локшына нянпі гатова!»
Па словах Му Хая, нянпі можна смажыць. Смажаная яна больш тонкая, залацістая, далікатная. Нянпі ядуць і як хлеб, і як самастойную страву. Часта пад яе замаўляюць піва ці гарэлку.
Пасля таго, як вы паспрабавалі локшыну нянпі, не палянуйцеся заказаць самую вядомую цінхайскую страву – тушаную бараніну. Яе ядуць рукамі. Цінхайская бараніна – самая смачная ў Кітаі. Людзі ўсіх нацыянальнасцяў, якія жывуць у гэтай правінцыі, любяць бараніну і частуюць ёю высокіх гасцей. Апошнія гады хутка развіваецца турыстычны бізнес у правінцыі Цінхай. Сюды прыязджаюць з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама з розных краін свету. У меню ўсіх рэстаранаў абавязкова прысутнічае бараніна.
Дарэчы, стаўленне сінінцаў да бараніны таксама вельмі ўражвае. Перад ужываннем бараніны трэба выпіць шклянку мясцовай гарбаты Лаа, якая спрыяе страваванню. Бараніну тут ядуць са свежым часнаком і прыправай «Лацзы», у якую ўваходзіць перац, часнок, імбір і іншыя кампаненты, нават суніцы.
Вы таксама можаце пакаштаваць мясцовы кефір. Кефір – вельмі папулярны напітак у гэтай правінцыі. Яго ўжываюць паўсюдна. Хуэйцы дадаюць у яго некалькі кропель алею.
Сінін – горад у гарах. З Пекіна ў Сінін можна прыляцець на самалёце ці прыехаць на цягніку. Тут ёсць дзве адметныя мясціны, якія таксама нельга прапусціць: цудоўнае возера Цінхай і старажытны ламаісцкі храм Таэрсы. - 0 -