Сістэма абазначэння года нараджэння паводле аднаго з 12-ці цыклічных знакаў называецца па-кітайску «шэнсяа» («шэн» – год нараджэння, «сяа» – «які нагадвае знак»). Іншая яе назва – «шусян». Кітайскі Задыяк карыстаецца папулярнасцю ў свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Многія ведаюць, што ён складаецца з наступных знакаў: Пацук, Бык, Тыгр, Трус, Дракон, Змяя, Конь, Авечка, Малпа, Певень, Сабака і Свіння. Пры абазначэнні года звычайна выкарыстоўваецца адпаведны яму так званы «цыклічны знак», з першага па дванаццаты.
Першы – «цзы», адпавядае знаку «Пацук» (адпаведна год называецца «Цзы-шу»);
Другі – «чоу», адпавядае знаку «Бык» («Чоу-ню»);
Трэці – «інь», адпавядае знаку «Тыгр» («Інь-ху»);
Чацвёрты – «маа», адпавядае знаку «Трус» («Маа-ту»);
Пяты – «чэнь», адпавядае знаку «Дракон» («Чэнь-лун»);
Шосты – «сы», адпавядае знаку «Змяя» («Сы-шэ»);
Сёмы – «у», адпавядае знаку «Конь» («У-ма»);
Восьмы – «вэй», адпавядае знаку «Авечка» («Вэй-ян»);
Дзевяты – «шэнь», адпавядае знаку «Малпа» («Шэнь-хоу»);
Дзесяты – «ю», адпавядае знаку «Певень» («Ю-цзі»);
Адзінаццаты – «сюй», адпавядае знаку «Сабака» («Сюй-гоу»);
Дванаццаты – «хай», адпавядае знаку «Свіння» («Хай-чжу»).
Дванаццаць знакаў, якія называліся «дзічжы» («зямныя галіны»), у спалучэнні з дзесяццю знакамі «цяньгань» («нябесныя ствалы») давалі 60 спалучэнняў, якімі абазначаліся гады ў сістэме кітайскага календара, пабудаванага на паўторы 60-гадовых цыклаў. Дзесяць «нябесных ствалоў» – гэта знакі «цзя», «і», «бін», «дзін», «у», «цзі», «гэн», «сінь», «жэнь» і «гуй». Адзін 60-гадовы цыкл «цзяцзы» (па першых іерогліфах цыклаў «нябесных ствалоў» і «зямных галін» адпаведна) складаецца з пяці дванаццацігадовы цыклаў.
Пра тое, чаму дванаццаць жывёл, уключаных у кітайскі задыяк, размешчаны менавіта ў такім парадку, існуе мноства легенд. Адна з іх расказвае, што родапачынальнік кітайскай нацыі Хуандзі вырашыў выбраць сабе 12 ахоўнікаў. За права ахоўваць Жоўтага імператара змагаліся многія звяры. Кот, напрыклад, папрасіў пацука перадаць Хуандзі просьбу аб уключэнні ў атрад ахоўнікаў, але пацук не зрабіў гэтага. Вось чаму ката няма ў задыякальным цыкле, а пацук і кот з тых часоў – смяротныя ворагі. Слон проста адмовіўся ад удзелу ў спаборніцтвах на права быць ахоўнікам Хуандзі. Першым у чарзе стаяў бык, але пацук падняўся да яго на спіну і, такім чынам, «прыехаў» першым. Свіння, як звычайна, учыніла беспарадкі, таму яе паставілі ў самы канец атрада. Каб супакоіць тыгра і дракона, якія не сталі першымі, ім даравалі тытулы «ўладыкі лесу» і «ўладыкі мора» і размясцілі пасля пацука і быка. Пакрыўджаны трус выклікаў дракона на паядынак і нечакана перамог, за што атрымаў месца перад ім. Сабака таксама застаўся незадаволены і пакусаў труса, за што быў пакараны месцам ў канцы чаргі перад свіннёй. Іншымі словамі, усе жывёлы таксама атрымалі свае месцы ў выніку жорсткай канкурэнцыі.
Іншая, не менш папулярная версія, сцвярджае, што чарговасць устаноўлена паводле часу актыўнасці кожнай з жывёл. У старажытнасці суткі былі падзелены на 12 гадзін, кожная з якіх называлася зноў жа ў адпаведнасці з «зямнымі галінамі». Час з 11 да 1 гадзіны ночы (3-я варта) – перыяд актыўнасці Пацука, з 1 да 3 гадзін ночы (4 варта) Бык жуе жвачку, з 3 да 5 раніцы (5 варта) гуляе грозны Тыгр, з 5 да 7 раніцы, калі сонца яшчэ не ўзышло, легендарны нефрытавы Трус гатуе на Месяцы лекі «маа», з 7 да 9 раніцы Дракон наганяе хмары і рыхтуе дождж, з 9 раніцы да 11 гадзін праяўляе актыўнасць Змяя, з 11 да 1 гадзіны дня гарэзнічаюць Коні, з 1 да 3 гадзін дня – самая сакавітая трава для Авечкі, з 3 да 5 гадзін – любімы час для Малпаў, з 5 да 7 вечара Куры адпраўляюцца спаць, з 7 да 9 гадзін (1 варта) Сабака прыступае да начной аховы хаты, з 9 да 11 вечара (2 варта) Свіння атрымлівае асалоду ад сну.
Не толькі ханьцы, але і іншыя кітайскія нацыянальнасці са старажытнасці выкарыстоўваюць аналагічную сістэму летазлічэння. У летапісу «Таншу» гаворыцца: «У царстве Сягэнсы жыхары вядуць летазлічэнне, называючы гады адным з 12-ці знакаў, напрыклад, год «Інь» яны называюць годам тыгра». Некаторыя вучоныя лічаць, што ханьцы запазычылі гэту сістэму летазлічэння ў паўночных народнасцяў, якія са старажытных часоў называлі гады, прысвойваючы ім імёны адной з 12-ці жывёл. Пазней традыцыі і культуры розных народаў перапляліся, таму натуральна, што ў выніку склаўся спосаб летазлічэння, які ўжываецца да гэтага дня.
Ханьцы не прэтэндуюць на «манаполію» на задыякальную сістэму летазлічэння. У іншых народаў (манголаў, тайцаў) ёсць свае «шэнсяа», якія нязначна адрозніваюцца ад кітайскай сістэмы. Для кітайцаў «шэнсяа» – зусім не адвольнае паняцце.
Вакол 12-ці знакаў кітайскага задыяка за стагоддзі склалася мноства легенд, звычаяў і павер'яў. - 0 -