Доўфу – адзін з традыцыйных харчовых прадуктаў Кітая, яго асноўны сыравінны матэрыял – соевыя бабы. Маючы просты працэс прыгатавання і вялікую пажыўнасць, доўфу стаў вельмі папулярным у свеце. Доўфу – гэта тварог з соевага малака. Яго ядуць сырым і выкарыстоўваюць для прыгатавання разнастайных гарачых і халодных страў кітайскай кухні.
Соевы тварог прыдумалі кітайцы, што пацвярджаецца ў многіх старажытных кнігах і нават у археалагічных знаходках.
Доўфу з'явіўся больш за тысячу гадоў таму, у эпоху дынастыі Сун, а ў перыяд дынастый Юань і Мін спосабы прыгатавання доўфу ўжо былі неверагодна разнастайнымі, і соевы тварог перасягнуў межы Кітая, атрымаў распаўсюджанне ў Японіі, Інданэзіі і іншых краінах Азіі. Пры дынастыі Цін ён прыйшоў і ў Еўропу. Зараз у Японіі і ЗША доўфу разглядаецца як аздараўленча-прафілактычны прадукт дыетычнага харчавання. Ён характарызуецца тонкім і далікатным смакам, з яго можна гатаваць розныя вегетарыянскія стравы, закускі, супы, заціркі.
У Кітаі колькасць страў з доўфу налічвае некалькі тысяч відаў.
Некаторыя кітайскія кухары, спецыялізуючыся на стравах з доўфу, здольны прыгатаваць банкетная стол толькі з доўфу. Звычайны соевы тварог у руках майстра ператвараецца ў сапраўдныя далікатэсы: «доўфу рабой жонкі», «доўфу белай вады», «доўфу кішэнькай», «доўфу з трыма свежасцямі», «доўфу з васьмю каштоўнасцямі» і інш. У нашы дні на стале простых кітайцаў, у гарадскіх і сельскіх гасцініцах, ва ўсіх рэстаранчыках Кітая можна пакаштаваць розныя смачныя стравы з соевага тварагу.
З развіццём і ўдасканаленнем тэхналогіі прыгатавання соевага тварагу ў Кітаі і за яго межамі бесперапынна з'яўляюцца новыя гатункі доўфу, такія, як замарожаны доўфу, вадкі доўфу, яечны, малочны доўфу, доўфу з агароднінай, тварог з марскім багавіннем, з вітамінамі і інш.
Згодна з даследаваннем, па ўтрыманні бялку соевыя бабы набліжаюцца да рыбных і мясных прадуктаў. Соевы тварог і іншыя прадукты з соі багатыя на раслінны бялок і восем неабходных чалавеку амінакіслот. Пастаяннае ўжыванне доўфу дапамагае знізіць узровень халестэрыну ў крыві, змяншае пагрозу развіцця атэрасклерозу і іншых сардэчна-сасудзістых захворванняў. З харчовых прадуктаў, прыгатаваных з соі, арганізм чалавека засвойвае толькі 65 працэнтаў бялку, а з доўфу – да 95 працэнтаў. - 0 -