Кітайскі іерогліф 菜 (цай) мае некалькі цесна звязаных паміж сабой значэнняў: «агародніна», «прыгатаваныя стравы» і «кухня» (як сукупнасць нацыянальных ці рэгіянальных кулінарных асаблівасцяў). Ён уключае графічны кампанент «трава», які ўказвае на сувязь значэння гэтага іерогліфа з раслінамі і на важнасць зеляніны і агародніны ў кітайскай кухні, бо ў Кітаі ядуць больш за 600 іх відаў, што ў сем разоў больш, чым у заходніх краінах.
Кітайскі рэвалюцыянер Сунь Ятсэн (1866-1925 гг.) пісаў, што пусты чай і варанае зерне складаюць паўсядзённую ежу простых кітайцаў, якія ядуць таксама шмат агародніны і доўфу. Такі рацыён харчавання знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з рэкамендацыямі кітайскай медыцыны па здаровым ладзе жыцця. Сярод сельскага насельніцтва Кітая найбольшая працягласць жыцця – у тых, хто не ўжывае алкаголь і есць мала мяса.
За больш чым 10-тысячагадовую гісторыю развіцця сельскай гаспадаркі кітайцы стварылі велізарную колькасць прадуктаў з раслін, прыдатных да яды. Вегетарыянства ў Кітаі паглыбляецца каранямі ў сівую гісторыю на некалькі дзесяткаў стагоддзяў. Кітайскі вегетарыянскі рацыён ўключае не толькі травы і агародніну, але і розныя грыбы, караняплоды, бабы і бамбук. Вегетарыянская кухня выкарыстоўвае мноства складаных тэхналогій для прыгатавання багатага асартыменту страў. Яна дасягнула сваіх вышынь у перыяд дынастый Тан і Сун (618-1127 гг.) – у рэстаранах сталіцы Сунскай дынастыі падавалі больш за сто розных посных страў. Да перыяду дынастый Мін і Цін (1368-1911 гг.) у Кітаі склаліся тры адмысловыя школы вегетарыянскай кухні: манастырская, імператарская і народная. Вегетарыянскія рэстараны меліся ў кожным куточку краіны. Для таго, каб прыцягнуць больш кліентаў, у рэстаранах нават навучыліся гатаваць вегетарыянскія стравы, якія імітуюць мясныя, напрыклад, вегетарыянскае «кураня», вегетарыянскую «рыбу», вегетарыянскую «вяндліну» і вегетарыянскае «свіное» азу пад соусам, вегетарыянскія «крэветкі». Гэтыя вегетарыянскія далікатэсы дакладна імітуюць смак сапраўдных мясных і рыбных прадуктаў і з'яўляюцца сапраўднымі творамі кулінарнага мастацтва. - 0 -