Кітайскі вузел (чжунгацзе) – неад'емны элемент традыцыйнай кітайскай культуры і мастацтва. Паводле археалагічных звестак, вузельчыкі «на памяць» кітайцы пачалі завязваць ужо ў эпоху палеаліту. Важныя справы і падзеі пазначаліся вялікімі вузламі, малазначныя – малымі.
На пачатку кітайскай цывілізацыі людзі бачылі ў звычайных вяроўках правобразы драконаў, і вузлы на іх рабіліся для яшчэ большага падабенства. Вузел – сімвал гармоніі і блізкасці; прамаўленне іерогліфа «цзэ» сугучна словам «шчасце», «даўгалецце», «багацце», «радасць» і «здароўе».
Кітайскія вузлы маюць не толькі прыгожую форму, але і прыгожы яркі колер. Яны – не толькі адлюстраванне старых традыцый Кітая, але і сімвал імкнення людзей да праўды, дабрыні і прыгажосці. Менавіта таму гэты жанр народнага мастацтва жыве і развіваецца на працягу многіх стагоддзяў.
Паступова вузельчыкі на вяроўках пачалі выкарыстоўваць для ўпрыгожвання адзення – такім чынам, яны сталі неад'емным элементам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У апошні час назіраецца ўсплёск папулярнасці кітайскіх вузлоў. Яны – выдатны падарунак да любога свята. Майстры плятуць разнастайныя вузлы з шаўковых, баваўняных, суравых і сінтэтычных нітак, уплятаючы ў іх жэмчуг, нефрыт, залатыя і сярэбраныя ўпрыгажэнні. - 0 -