Чаяпіцце займае важнае месца ў паўсядзённым жыцці кітайцаў. На працягу доўгага перыяду ў гісторыі Кітая значэнне і месца чая, культура яго спажывання паступова трансфармавалася. Чай як напой быў вядомы кітайцам вельмі даўно. Першыя ўспаміны пра яго з'явіліся 5800 гадоў таму. На працягу некалькіх тысячагоддзяў у Кітаі фарміраваліся ўнікальная культура чаю і традыцыі чаяпіцця. З'явіліся вытанчаныя спосабы заварвання і дэгустацыі гарбаты, што лічыцца асаблівым мастацтвам.
Для прыгатавання гэтага карыстаюцца асаблівымі чайнымі інструментамі, усё ў іх прадумана да дробязяў – пачынаючы ад памеру кубкаў, заканчваючы функцыянальнымі асаблівасцямі чайнай дошкі, якая па-кітайску называецца «Ча Бань».
Спосабы заварвання чаю ў розных месцах самыя разнастайныя. Ва усходнім Кітаі любяць выкарыстоўваць для заваркі чаю вялікія чайнікі. Калі прыходзяць госці, гаспадар засыпае чайную заварку ў чайнік, залівае кіпнем і разлівае па кубках. Ва ўсходняй правінцыі Фуцзянь найбольш вядомыя чырвоныя чаі вышэйшага гатунку «гунфуча», у перакладзе -- гэта «вышэйшае майстэрства чаяпіцця». Цырымонію «Гунфуча» адрозніваюць не толькі своеасаблівыя чайныя прылады і посуд, але і спосабы заварвання.
Падчас «Гунфуча» чалавек атрымлівае магчымасць зведаць ўсе чатыры вартасці чая: форму ліста, колер настою, водар і смак чаю.
Са старажытных часоў у розных кітайскіх гарадах існавалі прыватныя салоны чайнага мастацтва. У сучасным Кітаі іх таксама мноства. Багата іх і ў буйным мегаполісе Шанхай, які прываблівае многіх сваёй асаблівай атмасферай і мудрагелістым перапляценнем элементаў усходняй і заходняй цывілізацыі. Горад вядомы далёка за межамі Кітая сваімі шматлікімі грандыёзнымі небаскробамі, шыкоўнымі гатэлямі, дзелавымі цэнтрамі, рэстаранамі і закусачнымі, забаўляльнымі ўстановамі.
У Шанхаі багата месцаў, дзе можна паспрабаваць чай добрай якасці. Але самы вядомы салон чайнага мастацтва – гэта «Сяньцзунлінь», які размешчаны на вуліцы Бэйбіньцзян. Калі наведвальнікі ўваходзяць у гэты салон, іх адразу ж ахутвае вытанчаны і насычаны водар чаю і шакалада. Гэта, канечне, асаблівы чароўны свет. Мы раім усім, хто едзе ў Шанхай, завітаць у гэта месца.
Наведвальнікі салона – самыя розныя. Адны любяць піць чай пасля абеду або ў перапынку паміж абедам і вячэрай, іншыя п'юць чай з традыцыйнымі кітайскімі закускамі або ўсходнімі прысмакамі, з шакаладам, сухафруктамі, па-еўрапейску – з тортам або пірожнымі і пячэннем.
Слухаючы музыку, наведвальнікі салона «Сяньцзунлінь» могуць таксама атрымаць асалоду ад цудоўнага выгляду мегаполіса праз панарамныя вокны. Заўсёды здзіўляюць прыгажосцю і ўзбярэжная Вайтань уздоўж ракі Хуанпу, і самая высокая ў Азіі тэлевежа «Жамчужына Усходу» і грандыёзныя небаскробы, шыкоўныя гатэлі, дзелавыя цэнтры і многія іншыя памятныя мясціны.
-0-