Рэжысёр Кітая - Ван Сяошуай
  2012-03-09 10:15:26  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Цікава, што яшчэ зусім нядаўна работы маладога кітайскага рэжысёра Ван Сяашуая былі мала вядомы ў Кітаі, але іх добра ведалі на Захадзе, дзе яго фільмы былі адзначаны ўзнагародамі падчас цэлага шэрагу міжнародных кінафорумаў.

У 1994 годзе рэжысёрскі дэбют Ван Сяашуая "Дні" быў узнагароджаны "Залатым Аляксандрам" на Міжнародным кінафестывалі ў Салоніках. У 1998 годзе стужка "На ўзбочыне рая" ўдзельнічала ў конкурснай праграме Канскага міжнароднага кінафестывалю. А ў 2001 годзе фільм "Пекінскі веласіпед", які дэманстраваўся падчас розных кінафестываляў, у тым ліку і ў Расіі, атрымаў "Сярэбранага мядзведзя" на Берлінале. І, нарэшце, у 2005 годзе яго стужка "Цінхун" ("Шанхайскія мары") атрымала прыз журы 58-га Канскага кінафестывалю.

Ван Сяашуай - рэжысёр так званага "шостага пакалення" кінематаграфістаў Кітая, дзяцінства якога прайшло ў глухім кітайскім мястэчку. У 1981 годзе ён адправіўся ў Пекін навучацца жывапісу. Але, паглыбіўшыся на некалькі гадоў у маляванне, урэшце зразумеў, што жывапіс - не яго прызванне. Трэба сказаць, што 80-я гады ў Кітаі былі пачаткам адраджэння кітайскага кіно. Малады Ван Сяашуай пакінуў вучобу і паступіў на факультэт рэжысуры Пекінскага кінематаграфічнага інстытута. Студэнцкія гады Ван Сяашуая прайшлі ў атмасферы трыумфу рэжысёраў "пятага пакалення" -- Чэнь Кайгэ, Чжан Імоу адзін за адным выпускалі на экраны свае кінашэдэўры. Бязумоўна, поспехі старэйшых калег натхнілі будучага рэжысёра.

У 1993 годзе Ван Сяашуай, назапасіўшы невялікую суму грошай, прыступіў да здымак сваёй першай стужкі "Дні". Сюжэт карціны даволі просты: мастакі Дун і яго жонка Чунь пасля заканчэння ўніверсітэта пачалі выкладаць у інстытуце выяўленчых мастацтваў. Дун спадзяваўся, што аднойчы прыйдзе дзень, калі да яго ў майстэрню завітае замежнік і за вялікія грошы купіць яго карціны. Мары былі безнадзейнымі, і чым гэта было больш відавочна, тым горш станавіліся адносіны паміж мужам і жонкай. У выніку, Чунь пакідае мужа і з'яжджае за мяжу ў пошуках лепшага жыцця. А Дун, так і не прадаўшы ніводнай сваёй карціны, страчвае розум і трапляе ў вар'яцкі дом.

Нядзіўна, што ў сваёй першай кінастужцы Ван Сяашуай звярнуўся да жыцця маладых мастакоў. Ён сам некалі вучыўся жывапісу і таму ведаў, з якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца пачаткоўцам у пошуках свайго шляху ў мастацтве. Каханне, быт, мары, пошукі і страты і пры гэтым вера ў поспех. Фільм зняты на чорна-белай стужцы, каб падкрэсліць трагічнасць сюжэта. Рэжысёрская ідэя аказалася ўдалай. Гледачы прынялі фільм, і ён быў ушанаваны ўзнагародай "Залаты Аляксандр" на Міжнародным кінафестывалі ў Салоніках.

Поспех фільма "Дні" прынес Ван Сяашуаю ўпэўненасць у сваіх сілах. Наступнай яго работай стаў фільм "Замарожаны". Кінакарціна атрымалася занадта авангарднай не толькі для кітайскага гледача, але нават для дасведчаных і вопытных еўрапейскіх аматараў кіно. Нават такая, здавалася б, невялікая дэталь, як "рэжысёр - інкогніта" ў пачатковых тытрах, ужо гаварыла аб некаторай радыкальнасці пастаноўкі. Гэта карціна была адзначаная прызам ФІПРЭСІ на Ратэрдамскім фестывалі ў 1997 годзе.

Фільмы "Дні" і "Замарожаны" ў Кітаі раскрытыкаваліся за песімізм сюжэтаў, і іх не пусцілі ў пракат.

Ван Сяашуай вельмі хваляваўся, што яго фільмы не можа пабачыць кітайскі глядач. Таму ў 1996 годзе ён у супрацоўніцтве з Пекінскай кінастудыяй пачаў здымкі новай стужкі "На ўзбочыне рая". Апісваючы жыццё трох маладых людзей, учарашніх сялян, рэжысёр уздымае псіхалагічныя праблемы пакалення пераходнага перыяду рэфармавання эканомікі, разгубленасці маленькага чалавека перад напорам дзяржаўнай машыны. Гэта карціна была прадстаўлена ў конкурснай праграме Канскага міжнароднага кінафестывалю. Хоць стужка і не атрымала ніякіх прызоў, але яна стала адкрыццём і прыкавала да сабе ўвагу ўсяго свету.

Пасля гэтага фільма рэжысёр Ван Сяашуай стаў больш вядомы і ў кітайскіх кінематаграфічных колах. Ён стаў больш актыўна супрацоўнічаць з вядучымі кітайскімі кінастудыямі. У 2001 годзе на экраны выйшла яго работа "Пекінскі веласіпед". Стужка чымсьці нагадвае стары італьянскі фільм Віторыа дэ Сікі "Выкрадальнікі веласіпедаў". Сюжэты, вядома, розныя, але агульнае у іх -- гэта лёс простага чалавека ў вялікім горадзе, які заўсёды знаходзіцца ў стане вымушанай барацьбы за сваё існаванне. Гэта актуальна як для сучаснага Кітая, так і для пасляваеннай Італіі. Веласіпед, які спалучыў двух розных людзей, працаўніка з вёскі і гараджаніна, быццам бы ставіць знак роўнасці паміж імі. Людзі з розных слаёў грамадства, яны знаходзяцца ў аднолькава цяжкім становішчы ва ўмовах сучаснага жыцця. Звыклы атрыбут кітайскага жыцця - веласіпед - у гэтым фільме паўстае як знак барацьбы за месца пад сонцам. Сацыяльная тэматыка і выдатная ігра маладых акцёраў не пакідаюць раўнадушнымі гледачоў. Гэты фільм атрымаў прыз "Сярэбраны мядзведзь" на Берлінскім фестывалі ў 2001 годзе.

Наступная работа рэжысёра - фільм "Шанхайскія мары". Фільм распавядае пра тое, як у 60-я гады, адгукнуўшыся на заклік урада, маладыя шанхайцы адправіліся ў Гуян, каб развіваць мясцовую прамысловасць. Фільм настальгічна цёплы, шчыры, ён напоўнены ўспамінамі рэжысёра аб дзяцінстве, якое прайшло ў такім жа невялікім мястэчку. Ван Сяашуай так кажа пра сваю работу: "Працуючы над фільмам, я задумаўся, як вырашыць супярэчнасці паміж асобай і грамадствам падчас сацыяльных хваляванняў. Гэты фільм - мой заклік да павагі да асобы".

Ван Сяашуай не збіраецца адыходзіць ад свайго жадання паказваць складанае жыццё простых людзей. І хаця па касавых зборах яго стужкам цяжка канкурыраваць з камерцыйнымі фільмамі, але, дзякуючы ўпартатасці і таленту, у маладога рэжысёра ёсць шмат прыхільнікаў.

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040