Упершыню за многія гады словы прывітання на Міжнародным кінафестывалі ў Берліне былі прамоўлены па-кітайску. Сёлетні старшыня журы вядомы рэжысёр з Сянгана Ван Цзявэй адкрыў фестываль па-кітайску разам з дырэктарам Берлінале Дытарам Кослікам. У склад міжнароднага журы сёлета ўвайшлі рэжысёры, мастакі, аператары, акцёры з Грэцыі, Ірана, Даніі, ЗША, Германіі і Кітая.
На сустрэчы з журналістамі старшыня журы Ван Цзявэй прызнаўся, што вельмі ён рады таму, што на працягу дзесяці дзён давядзецца глядзець кіно, якое адлюстроўвае сітуацыю ва ўсім свеце. ""Гэта час для добрага вопыту, для мастацтва, для сустрэчы з сапраўдным кіно. Мы сабраліся дзеля таго, каб ацэньваць фільмы з пункту гледжання іх эмацыянальнага ўздзеяння, мы хочам знайсці стужкі, якія кранаюць", – так выказаў сваю пазіцыю Ван Цзявэй.
Нямецкі рэжысёр і член журы фестывалю Андрэас Дрэзэн адзначыў, што сёлета фестываль закранае вельмі актуальныя палітычныя пытанні; у конкурсе ўдзельнічае шмат фільмаў з Усходняй Еўропы, што надае пэўны настрой Берлінале. Амерыканскі рэжысёр і акцёр Цім Робінс прызнаўся ў любові да фестывалю і адзначыў, што гэта падзея ў свеце кіно дапамагае фільмам знайсці свайго гледача ва ўсім свеце. Рэжысёр з Даніі, лаўрэат "Оскара" Сюзана Бір адзначыла, што ў фільмах-канкурсантах будуць ацэньвацца пазітыўныя бакі, тое, што спадабалася. Неабавязкова, каб фільм меў вялікі бюджэт або надзвычай сучасныя тэхналогіі, галоўнае, каб ён кранаў і гаварыў пра нешта вельмі важнае, што пакідае след у душы. Іранская мастачка і рэжысёр Шырын Нешат пацвердзіла меркаванне сваіх калег па журы і адзначыла, што яна свой голас будзе аддаваць таленавітай з пункту гледжання мастацтва стужцы.
Здаецца, сёлета рашэнне журы можа быць нечаканым, улічваючы розныя культуры і талент асоб, што прымаюць галоўнае рашэнне на асноўным конкурсе Міжнароднага Берлінскага кінафестывалю.
У конкурс трапілі 19 стужак, сярод якіх работы знакамітых Гаса Ван Сэнта, Томаса Арслана, Ульрыха Зайдэля, Стывена Содэрберга, расійскага рэжысёра Барыса Хлебнікава і інш. Кітайскія стужкі сёлета ў асноўным конкурсе фестывалю не ўдзельнічаюць. Гэты факт Ван Цзявэй пракаменціраваў тым, што сёлета пакуль не з'явілася фільмаў для гэтага фестывалю, але ў гэтым нічога страшнага няма, паколькі мастацтва нельга прагназаваць, яно развіваецца па сваіх законах. Аднак менавіта новы фільм Ван Цзявэя "Вялікі майстар" адкрываў фестываль у сталіцы Германіі, дзе адбылася яго сусветная прэм'ера.
Міжнародны кінафестываль у Берліне праходзіць з 7 па 17 лютага.
Вольга Гальпяровіч, Беларуская рэдакцыя МРК