Трэці дзень нашага падарожжа быў аддадзены знаёмству з асноўным багаццем правінцыі Хэнань, яе гонарам - рысам.
У няпростых прыродных умовах тут, у гэтым цудоўным краі, пачалася традыцыя вырошчвання гэтай культуры. Мае суразмоўцы з пасёлка Тайпін павета Юаньян, куды мы прыбылі праз гадзіну, з вялікім задавальненнем расказвалі аб сваёй вытворчасці і адказвалі на шматлікія пытанні. Дырэктар сельскагаспадарчага кааператыва Чжаа Цзюньхай і спецыяліст з інстытута сельскагаспадарчых навук павета Юаньян Ян Юншэн прызналіся, што менавіта рака Хуанхэ зрабіла магчымым вырошчванне рысу на гэтай зямлі.
Ян Юншэн кажа:
- Да 1958 года ў нашым павеце не было магчымасці вырошчваць рыс, таму што глебы былі салёна-шчолачныя і бясплодная зямля. Таму мясцовы ўрад вырашыў пабудаваць каналы, каб вада ракі Хуанхэ цякла ў палі Юаньян для арашэння. Гэтая ідэя ажыццявілася.
Правінцыя Хэнань знаходзіцца ў зоне ўмеранага мусоннага клімату і на алювіяльнай раўніне ракі Хуанхэ. У яе вадзе ўтрымліваецца вельмі шмат карысных мікраэлементаў. Дзякуючы гэтым умовам, рыс Юаньян у параўнанні з вырашчаным ў іншых раёнах Кітая, больш празрысты і смачны.
Ураджай рысу павета Юаньян не вельмі вялікі, на кожным му (1/15 гектара) 450-500 кілаграмаў. Але гэта вельмі якасны рыс, ад гатунку Чжудань да гатунку Хуанцзіньцін. У павеце Юаньян многія вырошчваюць арганічны рыс, гэта значыць экалагічна чысты.
Цікавы і той факт, што некаторыя гатункі рысу нават пабывалі ў космасе. Як лічаць мае суразмоўцы, гэта пайшло толькі на карысць культуры.
- У 2003 годзе на 18-м спадарожніку рысавае насенне падымалася ў космас. Пасля эксперыментаў ва ўмовах макраграватацыі, магнітнага выпраменьвання і іншых умоў насенне вярнулася на зямлю. Навукоўцы адабралі з іх прыдатнае для вырошчвання ў павеце Юаньян. Разведзенае ў космасе насенне -- вельмі высокай якасці, рыс атрымліваецца больш смачны. У 2008 годзе насенне юаньянскага рысу ў другі раз падымалася ў космас у пілатуемым караблі «Шэньчжоу-7». Яно зараз праходзяць этап адбору.
Вырошчванне рысу мы праводзім па так званай «мокрай» тэхналогіі. Працэс складаецца з двух этапаў: спачатку мы высаджваем рыс для рассады, а потым перасаджваем яе на вялікія палі. У працэсе перасадкі ў павеце Юаньян ўжо выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі.
Я пачаў працу ў павеце Юаньян ў 1984 годзе. Мая спецыяльнасць - аграномія, галоўны накірунак - развядзенне насення рысу.
Паколькі рыс нашага павета Юаньян стаў знакаміты ва ўсёй краіне, некаторыя хітруны вырашылі выкарыстаць гэта ў сваіх інтарэсах. Яны на сваёй ўпакоўцы рысу надрукавалі марку Юаньян, але якасць іх прадукту вельмі дрэнная. Аднойчы быў знойдзены нават атрутны рыс. Гэты інцыдэнт прывёў да пагаршэння іміджу рысу Юаньян. Пасля гэтага ў нашым павеце была створана асацыяцыя рысу. У яе ўвайшлі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, аграномы і простыя сяляне. Яны зарэгістравалі гандлёвую марку рысу Юаньян ў дзяржаўных установах, пачалі змагацца з фальшывым юаньянскім рысам. У цяперашні час галоўнай функцыяй асацыяцыі не з'яўляецца барацьба з ашуканцамі, яна дапамагае сялянам вырашыць праблему ў вырошчванні рысу і ўстанаўлівае кантакты паміж сялянамі і прадпрыемствамі, якія займаюцца продажам рысу.
Зараз у павеце Юаньян многія сяляне вырошчваюць арганічны рыс. Хоць ураджай на кожны гектар не вельмі вялікі, яго якасць і смак нашмат лепшы за просты рыс.
Сцвярджаючы, што асноўнае багацце гэтай зямлі - людзі, я не пераставала дзівіцца іх працавітасці і клопату адзін пра аднаго. Узаемны выйгрыш, аб якім у Кітаі гавораць на кожным кроку і пры кожным зручным выпадку, на справе, у гэтым пэўным мястэчку дзейнічае.
У сямейнай ферме Чжаа Цзюньхай летась было пасаджана больш за 500 га арганічнага рысу, што займае больш за палову агульнай плошчы рысу.
Дырэктар сельскагаспадарчага кааператыва Чжаа Цзюньхай сказаў:
-- Яшчэ ў 2005 годзе я адкрыў сваю сямейную ферму і сельскагаспадарчы кааператыў.
Агульная яе плошча - 830 га. Плошча сельскагаспадарчага кааператыва - каля 2800 га. Улетку мы збіраем пшаніцу і адразу на гэтых палях саджаем рыс. Кожны год мы збіраем ураджай двойчы: у канцы траўня і пачатку чэрвеня – пшаніцы, у кастрычніку – рыс.
Сямейная ферма - гэта мая ўласная зямля, а сельскагаспадарчы кааператыў - гэта агульная. Мы стварылі савет для кіравання кааператывам, а сам кааператыў - на акцыянерных умовах. Сабекошт арганічнага рысу - у 2-3 разы больш за просты. Напрыклад, звычайны рыс будзе каштаваць 4-6 юаняў за кілаграм, у той час як наш, у сярэднім, - 28 юаняў.
Гаворачы аб выдачы зямлі ў арэнду гарадскім жыхарам, Чжаа Цзюньхай сказаў:
-- У 80-х гадах жыхары нашага пасёлка былі вельмі багатымі. Таму што ў той час кошт рысу быў высокі, мы мелі вялікі кавалак зямлі. У 1993 годзе наш пасёлак стаў першым у павеце Юаньян, дзе людзі пераселі на матацыкл. У 1997 годзе ў нашым пасёлку амаль у кожнай сям'і быў усталяваны хатні тэлефон. У той час гэтая паслуга каштавала 3600 юаняў, даволі вялікая сума. З прыходам новага стагоддзя, з падаражэннем жыцця, нашы жыхары зразумелі, што толькі займаючыся сельскай гаспадаркай, шмат не заробіш. Таму многія паехалі ў вялікія гарады, каб зарабіць грошы. У пасёлку зямля вызвалілася. Я аб'яднаў іх зямлі і адкрыў сельскагаспадарчы кааператыў. Потым я перадаў гэтыя землі жыхарам гарадоў.
За 1 дзясятую му яны плацяць 1000 юаняў. Увесь ураджай належыць ім. Яны могуць прыехаць сюды ў выходныя дні адпачыць або самім папрацаваць на рысавым полі. Па-першае, гэта вялікая радасць, па-другое, яны вырошчваюць арганічны рыс, без усялякіх хімічных дабавак, вельмі карысны для здароўя. У мінулым годзе ў маёй ферме знялі зямлю 53 сям'і, а сёлета дадалося яшчэ 9, усяго зараз 62 сям'і. У кожнай - 3 дзесятых га зямлі. Яшчэ мы ўсталявалі камеру назірання, каб жыхары горада маглі бачыць сваю зямлю.
У тым, што мае суразмоўцы па-сапраўднаму любяць сваю справу і з павагай ставяцца і да зямлі, і да культур, што на іх вырошчваюць, можна заўважыць па чысціні і акуратнасці палёў. Тут на самай справе вельмі прыемна шпацыраваць, адчуваць водар і захапляцца працавітасцю гэтых людзей, што так гасцінна нас прымаюць.
Дарэчы, як аказалася, творчасць ёсць і ў сельскай гаспадарцы. Чжаа Цзюньхай любіць сваю справу, а таму шукае новыя ідэі. Як ён прызнаўся, для яшчэ больш рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў прыроды, у яго кааператыве сталі займацца вырошчваннем крабаў у рысавых палях. Умовы для гэтага прыдатныя, а даходы сялян, дзякуючы гэтаму, яшчэ павялічацца. А я падумала, да ўсіх іншых дэлікатэсаў гэтага рэгіёна, дадасца яшчэ адзін. Дарэчы, менавіта тут, у пасёлку Тайпін я паспрабавала напой, які лічыцца вельмі карысным у гэтых краях - рысавы чай. Гэта - не адзінае дасягненне мясцовай кулінарыі. Рыс перад заваркай абсмажваецца. А напой дабратворна ўплывае на страваванне і на колер скуры. Незвычайна, але смачна. Яшчэ да адных сакрэтаў мясцовай кухні можна аднесці страву са зваранага з мармеладам рысу. Гэта такі мясцовы дэсерт.
На гэтым наша падарожжа скончылася, пакінуўшы прысмак рысавага чаю і прыемныя ўспаміны пра людзей, жоўтую раку Хуанхе, высокія і старажытныя горы, якія, безумоўна, з'яўляюцца галоўнымі каштоўнасцямі не толькі гэтага краю, але і ўсёй велізарнай Паднябеснай.
Вольга Гальпяровіч, МРК