«Па рацэ ў дзень памінання памерлых» (清明上河图) – жывапісная панарама, створаная ў XII стагоддзі пры двары дынастыі Сун, як прынята лічыць, мастаком па імені Чжан Цзэдуань. На скрутку адлюстравана паўсядзённае жыццё насельнікаў імператарскай сталіцы, Кайфэна, у дзень святкавання Цінміна. Скрутак даўжынёй 528 см надзвычай падрабязна паказвае заняткі самых розных саслоўяў. Тут знайшлі адлюстраванне і сялянская праца, і сталічная мітусня. У агульнай складанасці можна разглядзець 814 чалавечых постацяў, 28 лодак, 94 жывёлы і 170 дрэў. Скрутак настолькі палюбіўся аднаму з імператараў дынастыі Юань, што ён уласнаручна напісаў з абаротнай стараны скрутка свой верш.
На працягу наступных стагоддзяў было створана некалькі дзясяткаў варыяцый на гэту тэму. У часы дынастыі Мін свет убачыў абноўлены варыянт скрутка даўжынёй 670 см. Пры дынастыі Цін мастакі стварылі скрутак даўжынёй 11 метраў, на якім было намалявана больш за чатыры тысячы людзей. Да пачатку XX стагоддзя слава пра гэты скрутак настолькі шырока распаўсюдзілася па свеце, што еўрапейцы называлі яго няйначай як «кітайскай Монай Лізай».
Апошні імператар Пу І забраў арыгінальны скрутак з сабой у Маньчжоу-го. У 1945 годзе ён быў выкуплены кітайскім урадам і зараз захоўваецца ў музеі Забароненага горада. Гэты скрутак экспануецца толькі па вялікіх святах, як правіла, адзін раз у некалькі гадоў. - Р -