Ван Фэн: мэйнстрым кітайскага року
  2014-09-01 14:49:09  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК

Ван Фэн (汪峰, Wang Feng) належыць да сярэдняга пакалення кітайскіх рок-музыкантаў. У чэрвені бягучага года яму споўнілася 43 гады – узрост росквіту і падвядзення першых вынікаў. Сёння мы пазнаёмімся з гэтым адметным музыкантам і паслухаем (у адвольным парадку) яго песні.


Пачатак


Ван Фэн нарадзіўся ў Пекіне ў музычнай сям'і. У пяць гадоў ён пачаў вучыцца іграць на скрыпцы, а першым настаўнікам быў яго бацька. У 11 гадоў хлопчык паступіў у музычную школу пры Цэнтральнай кансерваторыі. Ван Фэн быў звычайным дзіцем, ён абсалютна не разумеў, навошта яму патрэбна гэта скрыпка, і чаму ён павінен шмат гадзін развучваць нудныя практыкаванні ў той час, як яго прыяцелі гуляюць на вуліцы. Як узгадвае сам музыкант, упершыню яго ўразіла прыгажосць музыкі, калі ён пачуў творы Чайкоўскага. Ван Фэну тады было 14 гадоў, і ён зразумеў, што з гэтага часу ўсё яго жыццё будзе аддадзена гэтай чароўнай прыгажосці і гармоніі гукаў. А яшчэ праз тры гады яго чакала новае ўзрушэнне – ён пачуў песні ў выкананні Майкла Джэксана, Beatles, тайванскага спевака Ло Та-і і кітайскага спевака Цуй Цзяна. Гэта была яго першая сустрэча з рок-музыкай.

Пасля заканчэння музычнай школы Ван Фэн паступіў у Цэнтральную кансерваторыю па класе скрыпкі і альта. Падчас вучобы Ван Фэн быў у складзе Кітайскага маладзёжнага сімфанічнага аркестра, з якім, дарэчы, ён упершыню выехаў на гастролі за мяжу.

Першыя песні

У 1994 годзе, калі Ван Фэн вучыўся на апошнім курсе, ён з сябрамі арганізаваў рок-групу, якая называлася «Нумар 43 па вуліцы Баацзяцзе». Гурт выступаў на святочных мерапрыемствах у ВНУ, а таксама іграў у мясцовых барах. Група набывала вядомасць у кітайскай сталіцы, на музыкантаў звярнулі ўвагу гуказапісваючыя кампаніі. У траўні 1997 года яны падпісалі свой першы кантракт з адной з такіх кампаній і выпусцілі першы альбом, які называўся проста і без задум: «Нумар 43 па вуліцы Баацзяцзе».

Першы поспех

Супрацоўніцтва з афіцыйнай студыяй гуказапісу дало групе магчымасць заявіць пра сябе ў свеце кітайскага шоу-бізнесу. Праз год гурт запісаў другі альбом, які называўся «Надыходзячы шторм». У 2000 годзе да Ван Фэна звярнуліся агенты пекінскага аддзялення міжнароднай гуказапісваючай кампаніі Warner Music. Дарэчы, кантракт прапанавалі не ўсёй групе, а толькі Ван Фэну – музыкант "развітаўся" са сваімі былымі аднакурснікамі і пачаў сольную кар'еру.

Ізноў дэбют

У тым жа 2000 годзе выходзіць першы сольны альбом Ван Фэна «Кветкі ў агні», і яго кар'ера з гэтага моманту хутка пайшла ў гару. За чатыры гады Ван Фэн выпусціў тры альбомы. Яго песні становяцца папулярнымі ў кантынентальным Кітаі. У 2005 годзе спявак адкрывае ўласную гуказапісваючую кампанію Feng Sheng Music, і свой чацвёрты альбом Ван Фэн запісвае ўжо самастойна. Загалоўная песня альбома, якая называецца «Паспяховае жыццё», вельмі хутка заняла верхнія радкі разнастайных хіт-парадаў, стаўшы своеасаблівай візітнай карткай спевака. Новыя тэхналогіі стварылі новы крытэрый папулярнасці – колькасць скачванняў мелодыі для мабільных тэлефонаў у якасці рынгтона. Дык вось, гэта песня Ван Фэна стала ў 2005 годзе абсалютным рэкардсменам па скачваннях. У гэты ж альбом увайшлі і дзве вядомыя песні патрыятычнага характару. Песня «Наша мара» стала адной з дзесяці афіцыйных песень Пекінскай Алімпіяды 2008 года. А песня «Я люблю цябе, Кітай» прысвечана паспяховаму палёту кітайскага касмічнага карабля «Шэньчжоу-6». У 2006 годзе Ван Фэн прызнаны «Лепшым музычным выканаўцам кантынентальнага Кітая».

Аднак самастойнае плаванне Ван Фэна працягвалася не вельмі доўга – ён пачаў супрацоўніцтва са студыяй гуказапісу ў Сянгане. Там ён запісаў свой пяты альбом "Адважнае сэрца". З адной з песень гэтага альбома ўзнік скандал: спевака абвінавацілі ў музычным плагіяце. На што Ван Фэн адказаў з уласцівым яму спакоем: «Я нічога не спісваю ў іншых. Мая музыка настолькі простая, што прасцей не прыдумаць».

Чарговы поспех

У 2009 годзе выйшаў чарговы альбом Ван Фэна. Гэты альбом прынёс спеваку самую вялікую колькасць музычных узнагарод. Песні з альбома займалі першае месца ў чарце кітайскай эстраднай музыкі Chinese Music Chart. На дзявятай цырымоніі ўзнагароджання Global Chinese Music Awards песня з таго альбома атрымала прыз за лепшы лірычны тэкст. Сам музыкант прызнаны лепшым прадзюсарам, а новая пласцінка – лепшым альбомам года.

У адным са сваіх інтэрв'ю Ван Фэн сказаў: «Я запісаў гэты альбом, каб любы мог пачуць і зразумець, што такое сапраўдная рок-музыка. Гэты альбом не з тых альбомаў, якія ўсім падабаюцца і маментальна становяцца папулярнымі. Я ствараю мэйнстрым сучаснай кітайскай рок-музыкі. Гэта менавіта тое, у чым я бачу сваё прызначэнне».

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040