Напярэдадні 50-годдзя адной з аўтарытэтных ВНУ сталіцы Кітая – Другога лінгвістычнага універсітэта, пад яго дахам адкрыўся цэнтр вывучэння Беларусі. У невялікім пакоі, размешчаным на пятым паверсе аднаго з карпусоў на факультэце рускай мовы, можна ўбачыць партрэты тых людзей, якія праславілі свой край, пачытаць кнігі, пагартаць альбомы з фотаздымкамі, паглядзець на дэталі нацыянальнага касцюма і прыклады традыцыйных рамёстваў.
Асветнікі і пісьменнікі, музыканты, спартсмены і навукоўцы - імёны, якія ведаюць ва ўсім свеце - гонар беларускай культуры. Іх партрэты таксама прадстаўлены ў цэнтры. Францыск Скарына, Васіль Быкаў, Вольга Корбут, Тадэвуш Касцюшка, Жарэс Алфёраў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Мулявін і многія іншыя дзеячы культуры, якія ўвайшлі ў летапіс краіны, напаўняюць сваёй партрэтнай прысутнасцю прастору.
Падобны цэнтр ужо працуе ў Шанхаі ў адным з універсітэтаў. Мэта стварэння Пекінскага -- знаёміць студэнтаў з багаццем культуры Беларусі, распавядаць пра асаблівасці мовы і краіны, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы.
Пасол Беларусі ў Кітаі Віктар Бура перакананы, што праз маладых лягчэй гаварыць з прадстаўнікамі іншай культуры. "Яны больш цікаўныя, дынамічныя. Я тут разважаў, якім чынам зрабіць працу цэнтра больш разнастайнай. І мне так падалося, што будзе натуральным запрашаць сюды прадстаўнікоў творчай інтэлегенцыі Беларусі, якія прыязджаюць у Кітай, для стасункаў са студэнтамі і іх выкладчыкамі. Думаю, што гэта будзе цікава. Ну, а астатнія планы нашы таксама будуць увасабляцца ў жыццё. Мы плануем паказваць і айчыннае кіно, і праводзіць іншыя майстар-класы па прыгатаванні страваў нацыянальнай кухні, па культуры і традыцыях Беларусі. Я думаю, што мы знойдзем шмат тэмаў, каб цэнтр паўнавартасна працаваў. Сёння на ўрачыстым адкрыцці тут выступалі дыпламаты, якія працавалі ў Беларусі. Прагучала таксама думка пра тое, што іх трэба запрасіць для больш шырокай аўдыторыі. Мне падаецца, гэта слушная прапанова, і мы таксама скарыстаемся ёю. Мы хочам расказаць, што мы багатыя не толькі культурай, не толькі прыродай, якую нам падараваў Бог, але мы багатыя і людзьмі, адкрытымі, якія хочуць даведвацца пра Кітай, якім цікава ваша краіна".
Былы Пасол Кітая ў Беларусі Юй Чжэньці закахаўся ў Беларусь па-сапраўднаму. Вобразы, прырода, архітэктура зямлі пад белымі крыламі, як назваў сваю радзіму Уладзімір Караткевіч, настолькі ўразілі кітайскага дыпламата, што ён выдаў некалькі альбомаў і кніг пра Беларусь. Што так захапіла Юй Чжэньці – цеплыня людзей і чысціня.
"Я лічу, што гэта падзея – надзвычайна важная ў развіцці адносін паміж Беларуссю і Кітаем. Гэта ўжо другі падобны цэнтр. Існуе яшчэ адзін у Шанхаі. Гэты ж , які толькі што адкрыўся ў Пекіне, у сталіцы Кітая, мае асаблівае значэнне. Ён адыграе значную ролю для садзейнічання культурным адносінам паміж нашымі народамі.
Я падарыў цэнтру некалькі сваіх кніжак, адна з якіх называецца "Любімая Беларусь". Павінен прызнацца, што працаваў у многіх краінах, але дагэтуль лічу, што адзіная, якая стала для мяне па-сапраўднаму любімай –Беларусь. Гэта невыпадкова, таму што я на свае вочы ўбачыў, якая гэта чыстая, мірная дзяржава. Яна мае такую старажытную і незвычайную гісторыю. Беларускі народ- мірныя, добрыя і дружалюбныя людзі".
Нягледзячы на тое, што цэнтр адкрыўся афіцыйна толькі напрыканцы кастрычніка, праца ў ім вядзецца ўжо некалькі месяцаў.
Рыгор Латушка - супрацоўнік пасольства распавёў, што дзейнасць вядзецца актыўная. За гэты час быў паказаны беларускі фільм "Брэсцкая крэпасць", прайшла сустрэча з кампаніямі, якія дапамагаюць арганізаваць вучобу кітайскіх студэнтаў у Беларусі . "У нас сфарміравалася ўжо даволі цеснае кола нашых сяброў, якія наведваюцца сюды пастаянна. Мы правялі нават майстар-клас па прыгатаванні дранікаў – беларускай нацыянальнай стравы, што вельмі спадабалася яго ўдзельнікам. Мы арганізавалі наш цэнтр беларускай культуры на базе факультэта рускай мовы, таму кітайскія студэнты, якія да нас прыходзяць, гавораць па-руску або хаця б яе вывучаюць. Гэта навучэнцы другога курса і старэйшыя, а таксама магістранты і аспіранты. Нашы мерапрыемствы вядуцца па-руску. Студэнтам гэта падабаецца. Для іх – практыка – пагаварыць па-руску, паслухаць рускую мову. Мы не можам гаварыць па-беларуску, таму што кітайскія сябры нас не зразумеюць. Вывучэнне беларускай мовы тут – гэта, на маю думку, - далёкая перспектыва, але мы будзем імкнуцца да гэтага. У цэнтры шмат літаратуры на беларускай мове".
Яшчэ адна мая суразмоўца - дэкан факультэта рускай мовы Універсітэта Чжан Хуэйцін прызналася, што вельмі рада такой цудоўнай магчымасці для студэнтаў атрымаць веды пра новую краіну , яе культуру і мову.
Многія выпускнікі ўніверсітэта праходзілі практыку або працавалі ў Беларусі. Некаторыя з іх сталі выкладчыкамі. І ўсе з цеплынёй і радасцю ўзгадваюць гады маладосці і сустрэчы з Беларуссю. Яны з радасцю таксама хочуць падзяліцца з цяперашнімі студэнтамі сваімі пачуццямі, пра што і гаварылі на адкрыцці. Таму, здаецца, у цэнтра перспектывы ёсць, і хочацца пажадаць яму паспяховай і плённай працы.
Вольга Гальпяровіч,
Беларуская служба МРК