З 16 па 23 красавіка ў сталіцы Кітая пройдзе пяты Пекінскі міжнародны кінафестываль. За тыдзень у розных кінатэатрах сталіцы будзе паказана больш за 300 мастацкіх і дакументальных стужак. Пройдуць рэтраспектывы старшыні сёлетняга міжнароднага журы Люка Бесона і яго калегі з Паўднёвай Карэі Кім Кі Дука, фільмы-пераможцы міжнародных кінафестываляў, стужкі з удзелам Одры Хёпберн і адрэстаўраваныя карціны майстроў кітайскага кіно Чжаа Даня і Шы Хуэя.
У секцыі «Нацыянальны шарм» увага будзе аддадзена лепшым фільмам з Польшчы, Лацінскай Амерыкі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, Францыі, Італіі, Японіі і Паўднёвай Карэі.
На фестывалі будуць паказаны фільмы, прысвечаныя оперы, анімэ і стужкі, рэкамендаваныя кінакрытыкамі.
Фільм Серджыа Леонэ «Аднойчы ў Амерыцы» будзе ўпершыню прадэманстраваны ў фармаце 4К. Арганізатары форуму да свойго невялікага юбілея падрыхтаваліся вельмі рупліва. Сёлета ўпершыню ганаровым кансультанатам на фестываль запрошаны былы дырэктар Веніцыянскага і Рымскага міжнародных кінафестываляў Марка Мюлер.
Чжаа Чжыюн, намеснік начальніка пекінскага ўпраўлення друку, радыёвяшчання, тэлебачання і кінематаграфіі, намеснік пастаяннага сакратара аргкамітэта міжнароднага Пекінскага кінафестывалю ў інтэрв'ю нашаму каналу адзначыў, што Міжнароднае журы асноўнага конкурсу форуму сёлета вельмі прэстыжнае. Старшынёй яго будзе вядомы французскі рэжысер Люк Бесон, а сярод яго калег з'явіцца і знакаміты рускі акцёр і рэжысер Фёдар Бандарчук.
« Сёлета на кінафестываль адабраны шэраг высакаякасных твораў. У асноўны конкурс увайшлі 15стужак з 14 краін свету, у тым ліку адна расійская карціна і фільм сумеснай вытворчасці Украіны і Расіі.
Фестываль адрозніваецца вялікай увагай у гледачоў. Мы заўважылі, што як толькі пачаўся продаж білетаў, адразу ж большасць сеансаў былі прададзеныя.
Акрамя таго, асаблівасцю гэтага года можна лічыць прарыў на кіна-рынку, які здзяйсняецца, дзякуючы актыўнасці міжнародных удзельнікаў фестывалю. Яны моцна ажывілі рынак фільмаў».
Цікавая асаблівасць сёлетняга фестывалю яшчэ і ў тым, на думку майго суразмоўцы, што цырымоніі адкрыцця і закрыцця кінафестывалю пройдуць у турыстычным месцы раёна Хуайжоу, дзе адбыўся саміт АЦЭС. Гэта вельмі прыгожая і буйнамаштабная пляцоўка, якую арганізатары фестывалю задзейнічалі і пад кінакарнавал.
На пытанне адносна абмежаванняў выхаду ў кітайскі пракат замежных стужак, намеснік начальніка пекінскага ўпраўлення друку, радыёвяшчання, тэлебачання і кінематаграфіі Чжаа Чжыюн адказаў наступнае: «Сапраўды, кожны год колькасць замежных фільмаў, якія ўводзяць у Кітай, абмежавана. Гэта існуючая рэальнасць. Але з улікам гэтай з'явы мы стараемся выбраць самыя лепшыя творы. Акрамя гэтага, шляхам сумеснай вытворчасці з замежнымі партнерамі мы імкнемся да таго, каб як мага больш добрых фільмаў змаглі выйсці ў кінапракат Кітая. Больш за тое, нямала буйных і ўплывовых відэа-сайтаў праявілі цікавасць,закупілі лепшыя замежныя стужкі і будуць паказваць іх праз Інтэрнэт».
Пяты Пекінскі міжнародны кінафестываль завершыць сваю працу 23 красавіка.
Вольга Гальпяровіч,
Беларуская служба МРК