Мексіканскія рэаліі і школа Станіслаўскага перамаглі на конкурсе 5-га Пекінскага міжнароднага кінафестывалю
  2015-04-27 15:29:22  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

23 красавіка ўрачыста ў раёне Хуайжоу на возеры Янці завяршыўся 5-й Пекінскі міжнародны кінафестываль. Перамогу ў конкурсе сярод 15 карцін з 14 краін свету атрымаў фільм мексіканскіх кінематаграфістаў «Пачатак часоў». Уручалі ўзнагароду пераможцу старшыня журы, знакаміты французскі рэжысёр і прадзюсар Люк Бессон і зорка кітайскага кіно - акцёр і рэжысёр Джэкі Чан. Люк Бесон у сваёй прамове прызнаўся ў любові да фестывалю, адзначыўшы, што пекінцы могуць ганарыцца сваім кінафорумам, які, не гледзячы на невялікі ўзрост, прайшоў на вельмі высокім узроўні.

«Я вельмі рады быў працаваць у кампаніі такіх выдатных прафесіяналаў. Бразілія, Францыя, Карэя, Расія, Амерыка, Кітай - з гэтых краін родам мае калег. Мы абмяркоўвалі фільмы, літаральна сканавалі іх з усіх бакоў. Мы вельмі сур'ёзна паставіліся да нашай задачы. І я павінен прызнаць, што пераможцы гэтага конкурсу - сапраўдныя мастакі, яны заслужылі свае ўзнагароды ў поўнай меры. Адзінае, чаго я жадаю - быць запрошаным зноў на фестываль, дзякую арганізатараў і Віват, кіно! »

Так завяршыў сваю прамову старшыня журы, уручаючы галоўны прыз кінафестывалю лепшаму фільму агляду. Карціна «Пачатак часоў» - чорная камедыя з Мексікі, якая расказвае пра сямейную пару 90-гадовых Антоніа і Берту. Яны перажываюць няпростыя часы. Патрапіўшы ў сур'ёзны сацыяльны і эканамічны крызіс, яны сутыкнуліся з вялікімі праблемамі. Іх два сыны зніклі і не цікавіліся бацькамі гадамі. Для таго, каб выжыць, пажылая пара вымушана прадаваць свае рэчы і гандляваць на вуліцы ежай - тамалесам. Але раптам цяжкае жыццё змяняецца: аднойчы з'яўляецца іх сын з унукам.

Рэжысёр карціны Бернарда Арэлана быў вельмі ўзрушаны галоўным прызам. У гэтым ён прызнаўся са сцэны.

«Дзякуй вялікі фестывалю і Пекіну. Мы не чакалі. Гэта надзвычайны прыз, дзякуй маім калегам і іх выдатным фільмам. Я хачу прадставіць маю каманду, якая прыехала разам са мной - аператар Сара Пургаторыя, акцёр Франсіска Барэйра. Я вельмі ўдзячны таксама ўсім, хто падтрымліваў мяне, Хорхе Санчэсу, нашаму прадзюсару Эйпрылу Шенану, дзякуй, мы вельмі ганарымся вынікам».

Таксама ў інтэрв'ю нашаму каналу пераможца Бернарда Арэлана прызнаўся, што ён выбірае для сваіх работ нечаканых і розных людзей. Дарэчы ў карціне большасць роляў выканалі непрафесійныя акцёры.

«Я люблю выбіраць незвычайныя характары. Мой галоўны герой Антоніа -- пажылы чалавек, атаясамліваецца з вопытам, ведамі, любоўю. Таму я шукаю асобы, людзей, якія адпавядаюць маёй задуме. У мяне быў вельмі працяглы кастынг. І гэта - мой ключ. Я шукаю чалавечнасць, я ўглядаюся ўнутр, мне важна раскрыць душу. Я шукаю акцёраў, здольных выказаць мае словы, карыстаючыся мовай кіно. Я не люблю пісаць сцэнар, не люблю доўга здымаць папярэдне, мне падабаецца быць спантанным. І для мяне зняць такую чорную камедыю - магчымасць пагаварыць пра дылемы, якія ўзнікаюць у жыцці. Страх перад векам, адсутнасць грошай, змаганне за свае правы, за свабоду. Мой фільм таксама пра свабоду. І для мяне свабода ў кінематографе - гэта свабода акцёраў, характараў. Для мяне рабіць кіно - гэта магчымасць гаварыць аб неабходнасці гуманізму, чалавечнасці ».

Дзве асноўныя прэміі былі таксама ўручаны двум расійскім акцёрам. Гэты факт пацвярджае ў каторы раз, наколькі моцная сістэма Станіслаўскага і руская акцёрская школа.

Расійская актрыса Юлія Перасільд удастоена прыза за лепшую жаночую ролю ў расійска-ўкраінскім фільме "Бітва за Севастопаль".

"Я вельмі рады, што руская актрыса Юлія Перасільд спадабалася членам журы і гледачам Пекіна. Я вельмі ўдзячны журы, дырэкцыі фестывалю і гледачам, якія ацанілі яе працу, яна заслугоўвае гэтага прыза", - сказаў рэжысёр "Бітвы за Севастопаль" Сяргей Макрыцкі са сцэны, калі прымаў ўзнагароду ад імя актрысы. Рэжысёр назваў атрыманую статуэтку "лепшым падарункам". Паводле яго слоў, Юлія не змагла застацца да канца фестывалю, паколькі ў яе былі запланаваны здымкі ў Маскве.

Юля пачала гэту даволі цяжкую і незвычайную працу пасля нараджэння дзіцяці. Яна прызналася ў інтэрв'ю, што і гісторыя ўкраінскага снайпера Людмілы Паўлічэнкі, і прапанова сыграць яе ролю ў стужцы былі для актрысы поўнай нечаканасцю. Але яна лічыць гэты фільм – этапным і вельмі важным крокам у яе кіна-кар'еры.

Для расійскага акцёра Арцёма Цыпіна, які атрымаў узнагароду за лепшую мужчынскую ролю ў стужцы "Белая белая ноч" на 5-м Пекінскім міжнародным кінафестывалі - гэта дэбютная вялікая кінапраца. Ён падзякаваў журы і сказаў, што яму нялёгка прыйшлося ўваходзіць у рытм стужкі Раміля Салахуддзінава. Аднак удачай акцёр назваў тое, што яны з рэжысёрам – вельмі падобныя ў нечым, магчыма, у сваім стаўленні да жыцця, ў рэфлексаванні, у разважаннях. Яго персанаж – адначасова і герой, і антыгерой. " Гэта проста чалавек, які не мог змірыцца з несправядлівасцю, што перапоўніла ўсе межы цярпення", - адзначыў акцёр у інтэрв'ю.

Лепшым рэжысёрам, паводле рашэння журы, быў названы француз Жан Жак Ано, у любові да майстэрства якога са сцэны прызнаўся расійскі член журы, рэжысёр, акцёр і прадзюсар Фёдар Бонадрчук. Французскі майстар атрымаў прыз за працу ў сумеснай франка-кітайскай карціне «Татэм ваўка». Таксама гэты фільм быў узнагароджаны за лепшыя візуальныя эфекты.

Адразу трох узнагарод уганаравалася сумесная чэшска-славацкая карціна «Дзеці» рэжысёра Яры Войтэка. Фільм атрымаў прыз за лепшы сцэнарый Марэка Лешчака, за аператарскую працу Томаша Станека і за лепшую ролю другога плана Эвы Бандар. За музыку была ўзнагароджана карціна «Грубер сыходзіць» аўстрыйскага рэжысёра Марыі Кройцер. Узнагарода дасталася Фларыяну Блауэнштайну і Фларыяну Хорвату.

І за ролю другога плана была адзначана работа кітайскіх кінематаграфістаў «Узяцце гары Вэйхушань».

Сёлета колькасць удзельнікаў фестывалю значна перавышае паказчыкі папярэдніх гадоў, усяго за прэмію "Цяньтань" хацелі змагацца 930 фільмаў з 90 краін і рэгіёнаў свету.

У пазаконкурснай праграме Расія была прадстаўлена стужкамі "Белыя ночы паштальёна Аляксея Трапіцына" Андрэя Канчалоўскага, "Паездка да маці" Міхаіла Косырава-Несцерава і "Шагал-Малевіч" Аляксандра Міты.

Старшынёй журы ў гэтым годзе стаў французскі рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар Люк Бесон. У склад журы ўвайшоў расійскі акцёр, рэжысёр і прадзюсар Фёдар Бандарчук.

Пекінскі міжнародны кінафестываль праводзіцца штогод з 2010 года і пазіцыянуецца як найбуйнейшы ў Азіі кінаагляд. У гэтым годзе на фестывалі былі падпісаны пагадненні на агульную суму 13,85 млрд. юаняў / каля 2,24 млрд. долараў ЗША /, што на 32 працэнты больш, чым у мінулым годзе.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040