Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
У свеце даўно прызналі, што паветраныя змеі маюць кітайскае паходжанне. Таму можна смела сказаць, што гісторыя развіцця паветраных змеяў у Кітаі – гэта апавяданне пра гісторыю з'яўлення паветраных змеяў наогул у свеце. Першыя паветраныя змеі вырабляліся з лёгкага дрэва і мелі форму птушкі. Безумоўна, было цалкам лагічным ствараць першых паветраных змеяў такой формы, якая нагадвала б істот, створаных прыродай для палётаў. Потым паветраныя змеі пачалі рабіць з шоўку, які нацягвалі на каркас. Лічыцца, што такая канструкцыя была створана пад уражаннем ад відовішча ападаючага лісця. Многія рэчы прыходзілі ў галаву чалавеку, калі ён назіраў за прыродай!
Для таго, каб людзі маглі запускаць паветраных змеяў, патрэбны пэўныя ўмовы: як мінімум, грамадства павінна быць дастаткова развітым для гэтага. Старажытны Кітай быў добра развітым грамадствам, і ў людзей знаходзіўся час не толькі для працы і стварэння знакамітых вынаходніцтваў і шэдэўраў літаратуры, але і для таго, каб паспрабаваць падняцца ў неба – калі не самому, дык хаця б маленькаму лятальнаму "апарату".
Самыя раннія паветраныя змеі з'явіліся ў часы праўлення ўсходняй дынастыі Чжоу (770 – 256 гг. да н.э.). Яны рабіліся з дрэва і называліся муюань ("драўляны паветраны змей"). Прататып паветранага змея – "драўляная птушка" – згадваецца ў старажытным тэксце Моцзы (470 – 391 гг. да н.э.). Моцзы быў філосафам, які жыў у часы на адно стагоддзе пазней за Канфуцыя. У іншай, больш позняй, крыніцы гаворыцца, што папяровы змей, або чжыюань, выкарыстоўваўся як сродак папярэджання аб небяспецы. Калі горад Наньцзін апынуўся ў аблозе, і войскі Хоу Цзіня пагражалі знішчыць горад, паветраны змей быў запушчаны ў паветра і адпушчаны, каб у суседніх гарадах маглі зразумець, што жыхары Наньцзіна трапілі ў бяду.
Больш лёгкія мадэлі паветраных змеяў, вырабленыя з першага шоўку або паперы, сталі распаўсюджвацца ў Кітаі толькі ў эпоху праўлення дынастыі Тан (618 – 907 гг.). У якасці асноўнага матэрыялу для вырабу рэбраў бралі бамбук. Менавіта ў той час паветраны змей пачаў выкарыстоўвацца не як практычны сродак, а як цацка, і ў стварэнні паветраных змеяў кітайцы спаборнічалі паміж сабой. Паветраны змей не проста павінен быў лётаць, а быць самым лепшым! У эпоху праўлення дынастый Мін (1368 – 1644 гг.) і Цін (1644 – 1912 гг.) стварэнне і запусканне паветраных змеяў стала чымсьці накшталт мастацтва. Паветраныя змеі, як і кітайскія ліхтарыкі і парасоны з паперы, сталі формай мастацкага самавыяўлення.
У горадзе Вэйфан, які знаходзіцца на тэрыторыі правінцыі Шаньдун, існуюць адмысловыя традыцыі, звязаныя з паветраным змеем. У прыватнасці ў гэтым горадзе размяшчаецца штаб-кватэра міжнароднай асацыяцыі паветранага змея, і тут жа штогод 20-25 красавіка праходзіць міжнародны фестываль паветранага змея. Гэта падзея прыцягвае тысячы ўдзельнікаў і гледачоў.
Кажуць, што менавіта ў Вэйфане ў 1282 годзе знакаміты італьянскі падарожнік і даследчык Марка Пола (1254 – 1324 гг.) упершыню ўбачыў запусканне паветранага змея. Вярнуўшыся ў Італію, Марка Пола прывёз туды кітайскага паветранага змея, і неўзабаве дзякуючы Вялікаму шаўковаму шляху гэта забаўка стала папулярнай у Еўропе. - Р -