Кітайскі сад: мадэль узаемаадносін Чалавека і Прыроды
  2015-05-13 16:45:40  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК

Усходняе садова-паркавае мастацтва ў апошні час асабліва прыцягвае ландшафтных дызайнераў, бо яно надзвычай ўнікальнае. Кітайскі стыль – гэта самабытнасць, што склалася пад уплывам кітайскіх філасофскіх вучэнняў ва ўмовах поўнай ізаляцыі ад астатняга свету. Сучасны кітайскі сад – гэта імкненне стварыць мадэль ландшафтаў, уласцівых кітайскай прыродзе.

Класічны кітайскі сад спраектаваны такім чынам, што наведвальнік не можа ахапіць яго позіркам цалкам. Сад складаецца з комплексу адасобленых прастор, панадворкаў і так званых "зялёных пакояў". Гуляючы па садзе, у кожны момант часу наведвальнік сустракаецца з новымі куточкамі прыроды.

Пры дынастыі Мін садова-паркавае мастацтва зрабілася павальным захапленнем. Чалавек без уласнага саду, хаця б маленькага, быў практычна нікім у вышэйшым грамадстве. У садках тых часоў праходзіла амаль усё "культурнае" жыццё: музіцыраванне, чытанне, заняткі жывапісам, сустрэчы літаратараў і мастакоў, навуковыя гутаркі, гульні. Філосафы адпраўляліся ў далёкія падарожжы, каб наведаць знакамітыя сады, праслаўленыя ў вершах, раманах і карцінах. Сады былі папулярнай тэмай мінскага жывапісу, яны маляваліся па замове ўладальніка саду або ў памяць аб сустрэчах сяброў. У гэтых карцінах сад паўстае сведкам гармоніі, сімвалам годнасці вучонай эліты.

У Паднябеснай сады традыцыйна ствараліся з мэтай даць магчымасць чалавеку не аддаляцца ад прыроды, заставацца яе часткай. Сад для кітайцаў – гэта месца, дзе можна адпачыць і целам, і душой. Кітайскі сад павінен выглядаць выдатна ў любую пару года. Галоўныя элементы кітайскага саду – вада і камень.

Кітайцы вельмі цэняць ваду, таму ў кожным садку абавязкова ёсць сажалка. Ствараецца яна з выкарыстаннем самых розных матэрыялаў, у тым ліку і сучасных. Ствараючы вадаём у кітайскім стылі, выкарыстоўвайце валуны па яго берагах, таксама можна перакінуць праз вадаём невялікі масток. Паблізу вады часта размяшчаюцца альтанкі з асаблівым "кітайскім" дахам.

Камень з возера Тайху

 

Таксама варта памятаць, што для кітайцаў камяні – амаль жывыя істоты, здольныя ўсё разумець і адчуваць, таму неабходна размяшчаць іх гарманічна. Камяні выкарыстоўваюцца як у структурных, так і скульптурных мэтах. Асабліва цэняцца камяні дзіўнай формы, увасабляючыя мудрасць і неўміручасць, як, напрыклад, камяні з возера Тайху, што на захад ад Сучжоу. У часы дынастыі Сун такія камяні лічыліся самымі дарагімі аб'ектамі ў імперыі. Сфарміраваныя з вапняку, яны дэманструюць мяккую сілу вады, што точыць камень. Камяні могуць быць складзены ў маляўнічыя нагрувашчанні або ўстаноўлены асобна; звычайныя валуны могуць выраўноўваць край садовага вадаёма. Паходжанне працятых адтулінамі камянёў – прадмет бясконцых спрэчак спецыялістаў і звычайных наведвальнікаў саду.

Каб стварыць на сваіх сотках пейзаж, які будзе радаваць вока, не дастаткова насення прыгожых кветак і саджанцаў дзіўных дрэў і кустоў – для гэтага вы павінны мець пачуццё меры і густу, а таксама цярпенне. Як вядома, на духоўнае жыццё кітайцаў магутнае ўздзеянне аказвае будызм. Яго філасофія заклікае чэрпаць сілы ў прыродзе, таму кітайскія сады – ідэальныя ландшафты у мініяцюры. Адзінае патрабаванне: садок павінен натуральным чынам упісвацца ў жыццёвую прастору чалавека.

Не адну тысячу гадоў садоўнікі Кітая шліфавалі сваё майстэрства. Гэта не азначае, што сад у кітайскім стылі немагчыма стварыць уласнымі рукамі. Для такой работы трэба ўзброіцца цярпеннем і заклікаць на дапамогу пачуццё гармоніі; не баяцца эксперыментаў. Варта прыгадаць кітайскую мудрасць, якая абвяшчае, што не можа быць двух ідэнтычных садоў, як не бывае двух абсалютна аднолькавых людзей. І тады вынік парадуе не толькі погляд, але і душу. - Р -

(фота – Р.Мышкоўскі)

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040