Сямэнь зачароўвае адразу - гэта зялёны горад-сад, напоўнены водарам салёнага мора і кветак, у прыватнасці 三角梅 бугенвіліі выдатнай (Bougainvillea spectabilis Willd). Яго порт - адзін з дзесяці асноўных марскіх партоў Кітая. У горадзе пражывае каля паўтары мільёна жыхароў на плошчы ў 1565 кв.км. У Сямэні ёсць некалькі дзясяткаў цікавых славутасцяў. Мабыць, галоўнай з іх з'яўляецца востраў Гулан'юй, куды мы неадкладна і адправіліся.
Нездарма многія турысты накіроўваюцца менавіта на гэты кавалачак трапічнага рая ў тайванскім праліве. Востраў, да якога за дзесяць хвілін з горада ідзе паром, нагадвае сад, поўны адкрыццяў і нечаканых сюрпрызаў. Гісторыя гэтага месца даўняя і цікавая. У 1842 годзе згодна з Нанкінскай дамовай, Сямэнь стаў адкрытым портам для замежнай гандлю. Востраў, як частка горада, стаў месцам пражывання іншаземцаў. Тут знаходзіліся консульствы падданых розных дзяржаў, у большасці - брытанцаў. Адміністрацыйныя будынкі, цэрквы і сядзібы, пабудаваныя ў стылі, адпаведным нацыянальным асаблівасцям Іспаніі, Германіі, Партугаліі, Японіі, Францыі і іншых раптам выплываюць сваімі характэрнымі абрысамі сярод пальмаў і пакручастых ліян 榕树 Жуншу баньяна на маленькіх каланіяльных вулачках. На востраве пахне кветкамі, і ўсюды можна ўбачыць дзяўчат у вянках са штучных кветак, якія нагадваюць сімвал вострава Гулан'юй.
Увогуле, тут -- вечная вясна і прыгажосць, ды яшчэ і музыка. Бо назва гэтага месца перакладаецца як востраў грукатлівых хваль. Вакол вострава ёсць камяні, аб якія разбіваюцца хвалі і ствараюць характэрны шум. На тэрыторыі выспы забаронена ездзіць машынам, таму прыродную цішыню парушаюць толькі спевы птушак і галасы людзей. А яшчэ гукі музыкі.
Тут знаходзіцца дзіўны па колькасці і якасці сабраных асобнікаў музей фартэпіяна. Ён быў адкрыты 22 снежня 2001 года. Тут выстаўлена 70 эксклюзіўных інструментаў з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстрыі і Аўстраліі. Некаторым экспанатам ужо больш за 100 гадоў. Калекцыя была сабрана выхадцам вострава Ху Ёуі. Зараз ён пражывае ў Аўстраліі.
Мяне ўразіла, з якой глыбінёй і ўвагай збіраў гэты аматар музыкі сваю калекцыю. Інструменты захаваліся вельмі добра. Назвы некаторых брэндаў выдатна вядомыя музыкантам усяго свету. Напрыклад, Стэйнбек - амерыканскія раялі, якія робяцца ўручную адной сям'ёй ўжо на працягу многіх гадоў і маюць асаблівыя сакрэты вырабу. Але ёсць у калекцыі і інструменты, маркі якіх ужо даўно не існуюць. Фартэпіяна і клавесіны, арганы, інкруставаныя птушкамі, зробленыя з дарагіх і спецыяльных «музычных» гатункаў дрэў дзівяць адным толькі сваім выглядам і адчуваннем гісторыі, да якой амаль можна дакрануцца ці пачуць у гуках пануючай тут музыкі. Невыпадкова менавіта на тэрыторыі вострава Гулан'юй праводзіцца адзін са знакамітых фартэпіянных конкурсаў. Тут знаходзіцца і музычная школа. Таму востраў па праве можа насіць і іншую сваю назву - востраў фартэпіяна. На амаль 20000 яго жыхароў прыходзіцца 620 інструментаў.
На востраве Гулан'юй можна востра адчуць дзіўны настрой нетаропкасці і гармоніі, адпаведны трапічнаму раю. Музей знаходзіцца ў выдатным садзе, поўным кветак і птушак, якія выпяваюць свае прыгожыя трэлі на розны лад. На востраве - мноства гатэляў, якія знаходзяцца ў былых сядзібах і вілах, што захаваліся або былі перабудаваны з цягам часу, таму атмасфера каланіяльнай рамантыкі тут відавочна прысутнічае. Нездарма, многія маладыя імкнуцца правесці тут мядовы месяц, а перад вяселлем з вялікім жаданнем фатаграфуюцца ў жывапісных кутках вострава.
Пад вечар, пакідаючы гэты кавалачак трапічнага рая, я нават не заўважыла тых 10 хвілін, якія правяла на вялікім пароме, вяртаючыся ў горад. Погляд мой не адрываўся ад гэтых чырвоных чарапічных дахаў, зялёных пальмаў і рознакаляровых плям кветак, якія расставалі ў хвалях. Пік гары Сонечнай, паркі і пляжы і гукі фартэпіяна раствараліся ў моры. А рука так і пацягнулася за кітайскай манетай, каб кінуўшы яе ў мора, згодна прыкмеце, вярнуцца сюды абавязкова.
Вольга Гальпяровіч,
Беларуская служба МРК