Слова Хуангошу на беларускую мову можна перакласці, як "дрэва з жоўтым плодам". Ці вядома вам, што гэты вадаспад - адзіны ў свеце, да якога можна дакрануцца з блізкай адлегласці.
Вадаспад Хуангошу знаходзіцца ў маляўнічай зоне ў правінцыі Гуйчжоў. Вакол яго, падобна ніткам з жэмчугам, рассыпаліся дробныя вадаспады.
Вадаспад Хуангошу падае з вышыні 74 метраў. А гэта вышыня 20-павярховага будынка. Бурныя воды шумна і магутна, нібы марскі прыбой, падаюць са скалістых адгор'яў у вадаём Насарога, змешчаны ўнізе. Вадаспад робіць велізарны шум, натыкаючыся на сваім шляху на велічэзныя валуны, утварая заслону дробнага дажджу. А у перыяд вялікай вады, струмені вадаспаду становяцца яшчэ больш магутнымі і нястрымнымі. Круглы год вакол вадаспаду стаіць водная смуга. Знаходзячыся ў 50-60 метрах ад яго, людзі могуць чуць яго аглушальны шум і вельмі хутка становяцца з ног да галавы мокрымі ад яго цуркоў.
Калі параўнаць вадаспад Хуангошу з іншымі буйнымі вадаспадамі ў свеце, то па маштабах яго нельга назваць вельмі буйным. Але яго арыгінальнасць заключаецца ў тым, што турысты могуць пракрасціся ў горную пячору і адтуль знутры любавацца вадаспадам на вельмі блізкай адлегласці. Яны нават могуць дакрануцца да яго рукамі. Гэтая пячора размешчаная ў сярэдзіне гары і цягнецца на сто метраў. Назіраць зблізку за вадаспадам сапраўды – відовішча надзвычайнае. Але каб асмеліцца прайсціся пад яго струменямі, трэба мець пэўную мужнасць. Патрапіўшы ў гэтыя месцы, немагчыма не прайсціся пад струменямі гэтага вядомага вадаспаду, і не дакрануцца да яго ўласнымі рукамі. Толькі тады вы зможаце па-сапраўднаму адчуць непараўнальнае зачараванне гэтага вадаспаду.
Нажаль, у сілу таго, што вадаспад размешчаны ў зоне карставай мясцовасці, вада і струмені прасочваюцца ўнутр зямлі ў многіх месцах. У сувязі з гэтым вельмі цяжка захаваць неабходны аб'ём вады ў вадаспадзе на працягу ўсяго года. У цяперашні час крыніцай водных рэсурсаў вадаспаду на працягу паўгода з'яўляецца сама прырода, гэта яе дажджавыя запасы, і ў другой палове года вада ў вадаспад дадаецца штучна. Гэта ў вызначанай ступені адбіваецца на прыроднай прыгажосці вадаспаду.