Батанічны сад знаходзіцца ў перадгор'і Сяншаньскіх (Духмяных) гор на паўночна-заходняй ўскраіне Пекіна, недалёка ад парку Іхэюань, і займае больш за 1З0 га. У садзе на горных схілах і на раўніне расце велізарная колькасць дрэў і кустоў, некалькі сотняў відаў травяніста-кветкавых раслін. Па плошчы і колькасці таксонаў Пекінскі батанічны сад - самы вялікі ў Паўночным Кітаі.
Сад раскінуўся ўздоўж невялікай парожыстай рэчкі. Яна то ператвараецца ў вузкую ручаінку, то разліваецца на прасторы. Берагі яе аформлены светлым шэра-карычневым камнем. З яго ж складзеныя парог і каскад. Гэта рэчка вельмі маляўнічая, яна дорыць наведвальнікам прахалоду, радуе вока і супакойвае журчаннем вады.
|
У садзе прыгожа аформлены дарожкі і месцы адпачынку, ёсць утульныя кафэ і рэстараны. Кожную вясну высаджваецца мноства стракатых кветак. Апрача раслін, тут можна палюбавацца скульптурай і ўвасабленнем ідэй ландшафтнага дызайну. А адпачыць з сям'ёй або сябрамі можна тут жа на траве або пад разгалістым дрэвам.
У Батанічным садзе сабраны калекцыі раслін як дзікай флоры, так і пладовых. Тут, акрамя прыёму наведвальнікаў, вядзецца доследная і адукацыйная работа. Батанічны сад падзелены на зоны: раслін, культурных помнікаў, запаведніка і навуковых эксперыментаў. Тут ёсць ружоўнік, калекцыя магнолій, сады дрэвападобных і травяністых півоняў, сад бамбуку і іншыя тэматычныя зоны.
Асаблівая адметная мясціна Пекінскага батанічнага саду - шыкоўная трапічная аранжарэя. Гэта новы будынак. Ля ўваходу вас сустракае прыгожая птушка, выразаная з кораня вялікага дрэва. Аранжарэя складаецца з некалькіх памяшканняў, у кожным - адпаведны рэжым тэмпературы і вільготнасці. Там растуць пэўныя групы раслін: кактусы і сукуленты, пальмы, папаратнікі, архідэі.
Вандроўкі па залах аранжарэі наведвальнікі здзяйсняюць па спецыяльна аформленай дарожцы. На шляху трапляюцца вадаёмы з перакінутымі масткамі, часам дарожка прыводзіць у грот. У самым высокім зале, дзе растуць вялізныя пальмы, працуе фантан. Аранжарэя пакідае казачнае ўражанне.
Незабыўнае ўражанне пакідае садок бансай. Гэта невялікая тэрыторыя, дзе дэманструюцца мініяцюрныя дрэвы. Тут усё прыгожа аформлена: ёсць маляўнічыя вадаёмы, масток, а з раслін - толькі дрэўцы-бансай. Традыцыя ствараць бансай ("дрэва на падносе") узнікла ў Кітаі і атрымала развіццё ў Японіі. У Пекінскім батанічным садзе прадстаўлена мноства такіх дрэў. Адны растуць на вуліцы, у глебе, з'яўляючыся элементам ландшафтнага дызайну саду, іншыя - у кашпо, а трэція, цеплалюбівыя, - у памяшканні. Многія расліны вельмі старыя.
Батанічны сад Пекіна пакідае прыемныя ўспаміны і жаданне вярнуцца туды зноў.
Адрес: Пекин, вул.Сяншаньвофосылу.(地址:北京市 香山卧佛寺路)
Раман Мышкоўскі, CRI.
(фота – аўтара)