Маляўнічы раён Пэнлай вядомы ў Кітаі як адзін з «райскіх куткоў Зямлі». З аднаго боку – горы, з іншага – мора. Тут не бывае ні халоднай зімы, ні спякотнага лета, а марскія міражы, якія часам тут можна назіраць, праславілі яго далёка за межамі краіны.
У кітайскім народзе існуюць вядомыя старажытныя паданні аб тым, як імператар Ханьудзі дынастыі Хань пасылаў людзей на пошукі эліксіру жыцця; аб тым, як «восем жыхароў неба» (даоскіх святых) перасякалі мора; усё гэта надае Пэнлайгэ нейкі арэол таямнічасці.
У Пэнлаі ёсць вядомы на ўвесь свет архітэктурны ансамбль Пэнлайгэ, што стаіць на вяршыні гары Даньяшань ля самага мора. Гэты велічны і вельмі прыгожы архітэктурны комплекс пабудаваны ў перыяд праўлення дынастыі Cун. Пэнлайгэ падзелены на шэсць частак: храм Луйцзу, храм Саньцін, а таксама храмы Пэнлай, Цяньхоу, Лунван і Мітуа.
Раніцай малочны туман засцілае ўсе навокал. Ландшафт вельмі маляўнічы. Перад Пэнлайгэ, якое абмывае мора, раскіданыя, нібы ізумруды, групы зялёных астравоў. Гэта і ёсць Чандаа, які называюць «райскiм кутком на моры». Чандаа складаецца з 32 вялікіх і малых астравоў, кожны з якіх паступова паўстае перад вашымі вачыма, нібы скрутак разгортваецца ў перспектыве. Што ні востраў - то казка. Тут вельмі шмат неверагодных рыфаў мудрагелістай формы. Іх называюць «каменным лесам на моры».
Чандаа багаты на розныя віды марскіх прадуктаў. Тут часта праводзяцца разнастайныя турыстычныя мерапрыемствы, такія, як кірмаш у Пэнлайгэ, наведванне рыбацкіх сем'яў. Турысты маюць магчымасць даведацца аб розных баках жыцця жыхароў мясцовых раёнаў. Можна таксама пакаштаваць традыцыйныя стравы, прыгатаваныя з марскіх прадуктаў.
На Чандаа жыццё людзей непарыўна звязана з морам. Пад вечар людзі прагульваюцца па беразе, ловяць на вудачку рыбу і крабаў пад камянямі, фатаграфуюцца на памяць аб прыгожым Чандаа. Словам, паездка ў Пэнлайгэ і на астравы Чандаа – самы лепшы выбар для падарожжа. -0-