Турыстычная зона Таймушань плошчай 92 кв. км знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы правінцыі Фуцзянь, за 45 км на поўдзень ад горада Фудзін. З трох бакоў да яе падступае мора, а яшчэ з аднаго – горы.
Турзона Таймушань славіцца дзівоснай прыродай. Тут багата прыродных адметных мясцін. Самыя вядомыя – горы Таймушань, вадаспад Цзюлісі, прыморскі раён Цінчуань, возера Цуйху і астравы Фуяа. У 1988 годзе Дзяржсавет КНР надаў Таймушані статус турзоны дзяржаўнага значэння.
Горы Таймушань лічацца святымі ў будыстаў і даасістаў паўднёвага Кітая. Будаваць храмы тут пачалі яшчэ ў часы праўлення дынастыі Тан. Да нашага часу добра захаваліся 36 храмаў, самыя вядомыя і вялікія – Жуйюнь, Гасін, Бацзяа. Сям-там на горных схілах бачныя надпісы, пакінутыя вядомымі дзеячамі культуры старажытнага Кітая.
Адпачыўшы сярод прыродных і гісторыка-культурных помнікаў, мы раім наведаць горад Фудзін, дзе вырабляецца знакаміты на увесь Кітай белы чай.
Пра з'яўленне белага чаю існуе старажытная легенда, якая расказвае пра жанчыну па імені Лан У, што жыла ля падножжа гары Таймушань. Уцякаючы ад вайны, яна дабралася да гары, пасялілася ў пячоры Хун Сюэ і пачала зарабляць на жыццё развядзеннем архідэй. Аднойчы ў тыя мясціны прыйшла эпідэмія невядомай хваробы, і незлічоная колькасць жыхароў, асабліва дзяцей, памерла з-за адсутнасці лекаў. Спадарыні Лан У прысніўся сон: да яе прыйшоў стары давоскі чараўнік і паведаміў, што амаль побач з пячорай расце невялікі чайны куст. Ён вырас з чайнага зярняткі, якое выпала з яго кішэні. Чайнае лісце можа вылечыць людзей. Спадарыня Лан У адразу ж абудзілася і, вельмі здзіўленая, пад месячным святлом пачала шукаць гэты куст і, нарэшце, знайшла яго сярод густога хмызняку. Яна сарвала зялёныя лісцікі, высушыла іх і перадала хворым – чароўны чайны адвар вылечыў людзей.
З тых часоў спадарыня Лан У пачала вырошчваць гэты цудоўны чай, а таксама навучыла гэтай справе і ўсіх вясковых жыхароў у акрузе. У вельмі паважным узросце спадарыня Лан У паляцела на нябёсы з дапамогай таго ж старога давоскага чараўніка. Ён прыйшоў да яе зноў, але на гэты раз, каб забраць яе з гэтага свету. Людзі паважліва сталі называць спадарыню Лан У матухна Тайму – за яе заступніцтва і дабрыню. Лічыцца, што ад гэтага імені і пайшла назва гары – Таймушань. - 0 -