Запаведнік Ядзін размешчаны ў павеце Даачэн Ганьцзы-Тыбецкай аўтаномнай акругі правінцыі Сычуань. Асаблівыя геалагічныя і кліматычныя ўмовы ўтварылі яго самабытны рэльеф і ландшафт. Ён з'яўляецца адной з найбольш захаваных экасістэм у Кітаі. Снежныя горы Сяньнайжы, Янмаюн і Сянадацзы – самыя маляўнічыя ў Ядзіне, масцовыя жыхары лічаць іх святымі.
Ля падножжа гор раскінуліся пашы Лажун. Сюды, на зялёныя прасторы, пастухі выганяюць свае статкі; паблізу цячэ рака Гунга, а ўдалечыні стаяць драўляныя хаткі. Гара Эрчу вышынёй 5140 метраў над узроўнем мора пакрыта некранутымі яловымі лясамі і дубровамі. Увосень пад яркімі сонечнымі промнямі Эрчу становіцца залатой, таму яе часта называюць «Залацістай гарой».
Беласнежныя горы, стромыя скалы, азёры, леднікі, лясы, ручаі і дзікія жывёлы ствараюць казачны свет прыроды. Манастыр Чунгусы знаходзіцца на шляху да гор Сяньнайжы, Янмаюн і Сянадацзы. Са сцен манастыра адкрываецца цудоўны краявід – блакітнае неба, стэп, далёкія снежныя горы і таямнічыя даліны. Тут турысты могуць не толькі зрабіць выдатныя фотаздымкі, але і літаральна адчуць сябе «ля райскай брамы».
Пабудовы пасёлка і кляштара вызначаюцца тыпова тыбецкім архітэктурным стылем. Усё жыццё мясцовых жыхароў цячэ ў згодзе з прыродай.
Сёння запаведнік Ядзін па-ранейшаму захоўвае сваё першапачатковае аблічча. У 2002 годзе Дзяржсаветам КНР ён уключаны у Рэестр дзяржаўных прыродных запаведнікаў. -0-