Горад Юнчжоу правінцыі Хунань – месца старадаўняе. Да дынастыі Суй горад называўся Лінлін, а ў 589 годзе атрымаў цяперашнюю назву. Юнчжоу знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы кітайскай правінцыі Хунань, гэта горад паэзіі, жывапісу і скульптуры. Юнчжоу вельмі маляўнічы. Пісьменнік Оу Янсю калісьці сказаў: «Я ведаў Юнчжоу па мастацкіх творах і апісаннях, але патрапіўшы сюды, я зразумеў, наколькі горад сапраўды прыгожы».
Юнчжоу, як вы ўжо зразумелі, мае доўгую гісторыю. У перыяд палеаліту ў гэтых мясцінах з'явіліся людзі. Гісторыкі знайшлі тут рэшткі керамічнага посуду, якім каля 14 тыс. гадоў. Археалагічныя знаходкі ў гроце Юйчаньянь прызнаны адным з 10 самых важных археалагічных адкрыццяў Кітая ў 1997 годзе.
У старадаўнія часы ў Юнчжоу збіраліся дзеячы культуры. Вядомы літаратар і мысліцель дынастыі Тан Лю Цзун'юань пражыў тут 10 гадоў. У гэты перыяд ён напісаў шмат вядомых твораў, такіх, як «8 гісторый Юнчжоу», «Аб паляўнічым на змей», «Снег на беразе ракі» і інш.
У Юнчжоу і наваколлі шмат адметных мясцін: горы Цзювэй, Янмін і Шуньхуан, 5 запаведнікаў, больш за 2000 могільнікаў, храмаў, пагад, павільёнаў, мастоў, якія вабяць штогод турыстаў з розных рэгіёнаў краіны.
З пачаткам правядзення палітыкі рэформы і адкрытасці Юнчжоу ўступіў у перыяд хуткага развіцця эканомікі і грамадства. Мясцовыя ўлады захавалі стары квартал Лінлін, а новы раён Лэншуйтань з высокімі будынкамі выглядае надзвычай сучасна. Тут праклалі чыгунку, хуткасныя аўтадарогі і пабудавалі аэрапорт. Упэўнены, што паездка ў Юнчжоу абавязкова вам спадабаецца! - 0 -