Нацыянальная славутасць - парк культуры Наньшань Гуаньінь знаходзіцца ўсяго ў 40 км ад вядомага курортнага горада Санья на востраве Хайнань. Гэтая турыстычная зона вядома ва ўсім свеце самай вялікай будысцкай статуяй Гуаньінь, вышынёй у 108 метраў. Акрамя таго, гэты цэнтр будызму, самы вялікі ў Азіі.
Вялікая статуя фактычна стаіць на моры, а дайсці да яе можна па спецыяльным мосце Пуцзі, даўжынёй у 208 метраў. У будысцкай міфалогіі Гуаньінь -- багіня бязмежнага спачування і міласэрнасці. У статуі тры абліччы: адно накіравана на зямлю і на руцэ ў яе выгравіраваны надпіс «мудрасць», другое - на мора, у руках якога кветка лотаса - сімвал спакою, а трэцяе - з будысцкім каралямі ў руках, што дорыць спачуванне і міласэрнасць навакольным.
Лічыцца, што статуя Буды засцерагае Кітай і ўвесь свет. Калі трапляеш на плошчу для пакланення і набажэнства перад ёй, разумееш што гэта месца разлічана на вялікую колькасьць людзей, да 60 тысяч чалавек. Многія будысты прыязджаюць пакланіцца гэтай святой Гуаньін. Пасярэдзіне свяшчэннай плошчы знаходзіцца фрагмент з насценных карцін Дунхуанскіх пячор.
Больш за 6 гадоў пайшло на будаўніцтва гэтага помніка і афіцыйнае адкрыццё адбылося 24 красавіка 2005 года. Цікава, што на цырымонію адкрыцця сабралася 108 высокапастаўленых манахаў розных напрамкаў будызму, якія прыехалі з Тайваня, Гангконгу, Макаа і кантынентальнага Кітая.
На тэрыторыі парку культуры знаходзіцца святая зала Юаньтун, у якой прадстаўлены 99999 скульптур багіні Гуаньінь, бо дзявятка лічыцца самай шчаслівай лічбай у Кітаі.
Гуляючы па парку, атрымліваеш велізарнае задавальненне ад свежага марскога паветра, зялёных пальмаў, бамбуку, кветак і помнікаў будысцкай культуры. Для зручнасці можна перасоўвацца па велізарнай тэрыторыі ў 50 кв. км на электрамабілях. Праязджаючы па тэрыторыі парку, можна ўбачыць выставу фатаграфій пажылых людзей - гэта жыхары правінцыі Хайнань, самаму старэйшаму з якіх 102 гады. Як распавяла гід, сярэдні ўзрост пажылых людзей вострава складае крыху больш за 73 гадоў. У мясцовых жыхароў ёсць прымаўка «Даўгалецце як у хвоі на гары Наньшань, а поспех як у мора Дун Хай».
Прагулкі на свежым паветры выклікаюць здаровы апетыт і для турыстаў у парку ёсць магчымасць пакаштаваць вегетарыянскую ежу ў мясцовым рэстаране. Стравы, якія нагадваюць мяса, рыбу і птушку, па-майстэрску прыгатаваны з доўфу. Тут можна смачна паесці, не парушаючы дыеты і законаў будысцкай рэлігіі. Гэты рэстаран карыстаецца папулярнасцю як у азіяцкіх, так і ў еўрапейскіх турыстаў.
У невялікім садку Жуіцзісян (у перакладзе «Па душы») знаходзіцца вядомы храм Наньшань, які быў да 1998 года зачынены для наведвання. У гэтым храме ёсць 3 дзверы, і лічыцца правільным заходзіць у храм праз левую, а выходзіць праз правую. Сярэднія дзверы, так званая «Кун мэн» («пустыя дзверы»), прызначаны толькі для ўваходу манахаў. Турысты, уваходзячы ў храм, павінны пераступаць праз парог, бо гэта «плячо» Буды. Больш таго, мужчыны павінны пераступаць парог з левай нагі, а жанчыны - з правай. Гэты храм пабудаваны па ўсіх правілах фен-шуй: перад храмам знаходзіцца мора, якое ахоўвае храм, за ім - гара, якая засцерагае храм. Каля храма знаходзіцца камень, на якім на санскрыце напісана «дабрадушнасць». Менавіта ў гэтым кірунку глядзіць адзін з твараў статуі Гуаньінь, і ў руках у багіні будысцкія каралі. Гэтыя каралі складаюцца са 108-мі жамчужын, кожная з якіх нясе міласэрнасць і памяншае пакуты людзей.
Мясцовы ўрад і Нацыянальная адміністрацыя турызму Кітая далі парку статус «паказальнага», бо тут ўкаранёны міжнародныя прынцыпы экалагічнага аднаўлення і абароны навакольнага асяроддзя. І сапраўды, як толькі трапляеш у парк, адчуваецца асаблівая чысціня і парадак, вынік намаганняў гаспадароў парку і ўздзеяння рэлігійных свяшчэнных будынкаў.
Нездарма арганізатары культурна-турыстычнай зоны Наньшань Гуанінь пры ўваходзе абяцаюць, што патрапіўшы ў гэты парк наведвальнікі адчуюць духоўнасць і гармонію, створаныя культурай Гуаньін. Парк літаральна зачароўвае пейзажамі і чысцінёй экалогіі. І з яго зусім не хочацца з'яжджаць, а наадварот ёсць жаданне, любуючыся мудрагелістымі хмызнякамі, што нагадваюць жывёл, яшчэ раз зайсці ў будысцкі храм, або проста сядзець і глядзець на мора, такое заспакойваючае, колеру нябеснага блакіту.