Правінцыя Юньнань на паўднёвым-захадзе Кітая вядома вялікай колькасцю нацыянальнасцяў, якія там пражываюць. Сярод іх - народнасць Дэан. «Дэан» значыць грот. У дынастыю Цін гэтая нацыянальнасць называлася «Бэнлун». У 1985 годзе па жаданні народа назва была зменена. Нягледзячы на невялікую колькасць насельніцтва, усяго каля 20 тысяч чалавек, яны захавалі сваю мову і пісьменнасць. Пісьмовы варыянт, галоўным чынам, выкарыстоўваецца для запісу нацыянальнай гісторыі і канонаў. Дэаны разумеюць кітайскую, тайскую і цзін-паскую мовы.
Дэаны жывуць на берагах ракі Нунцзян з другога стагоддзя да нашай эры. Людзі займаюцца, у асноўным, сельскай гаспадаркай. А галоўнай галіной здаўна з'яўляецца вырошчванне чаю. У дэанаў нават ёсць старажытная народная песня пра гэта. Горная вёска Дэан напоўнена чайным водарам. Чай для дэанаў - само жыццё. Уся гісторыя гэтай малой народнасці цесна звязана з ім. Чай - і найважнейшы напой, і сродак зносін, і частка даходу. Дэаны любяць піць моцны чай. Традыцыйны напой яны вараць са жмені чайнага лісця, дадаючы невялікую колькасць вады. Калі настой набудзе густы карычневы колер, значыць, чай гатовы. Часам, пасля такога чаявання не атрымліваецца заснуць усю ноч. Але дэанскі чай падымае настрой і падвойвае энергію.
Чай адыгрывае важную ролю і ў грамадскім жыцці. Як кажуць: «Справа будзе паспяховай у суправаджэнні чайнай цырымоніі". Гарбатай сустракаюць гасцей, з гарбатай ходзяць да сяброў і сваякоў. Калі намячаецца вялікае сямейнае свята, то гасцей запрашаюць, пасылаючы не паштоўку, а пачак чаю. У выпадку спрэчкі або сваркі адзін з бакоў падае іншаму пачак чаю ў знак прымірэння.
Вясельныя абрады таксама праходзяць з чайнымі цырымоніямі. Жанчыны гэтай нацыянальнасці носяць незвычайны галаўны ўбор. Гэта абгорнутая асаблівым чынам вакол галавы хустка, падобная да цыліндра. Дык вось, калі маці знаходзіць унутры сваёй хусткі чай, значыць, сын нагледзеў нявесту і можна засылаць сватоў. Падчас сватаўства справа паміж будучымі сваякамі ўладжваецца падобным рытуалам. У дом нявесты на падносе ўнутры жаночай галаўной павязкі прыносяць пачак чаю, прыкладна 250 грамаў. Нічога нават і казаць не трэба, сэнс падарунка зразумелы адразу. Калі бацькі нявесты добразычліва прымаюць чай, то будзе вяселле. Калі ж чай не прыняты, то гэта азначае нязгоду. Калі ж сватаўство прайшло паспяхова, то бацькі жаніха прыносяць яшчэ чаю (каля 500 г.), віно, свініну, і ў доме нявесты адбываецца пачастунак сяброў і сваякоў.
У кожным дэанскім двары абавязкова растуць чайныя дрэвы. Гаспадар сям'і сам рыхтуе на печцы вараны чай, які прызначаны «для сустрэчы гасцей». А калі сваякі і сябры прыходзяць нечакана, то ім падносяць напой са свежага сабранага лісця. Калі хто-небудзь з'яжджае з дому, то яго таксама накіроўваюць у дарогу з чаем. Бярэцца каленца бамбука, унутр засыпаюць чайнае лісце, сабранае вясной, а потым вараць яго ў кацялку на агні та таго часу, пакуль бамбук не чтане жоўтым, а чайны водар не напоўніць паветра. Госці і гаспадар п'юць настой па чарзе, пакуль ён не скончыцца. Гэтая цырымонія сімвалізуе моцную дружбу на доўгі час. -0 -