Кітай – гэта не будучае планеты, а сучаснасць. Немагчыма прыняць рашэнне па глабальных і нават рэгіянальных пытаннях, не ўлічваючы пазіцыі і меркаванні Кітая. Такую думку выказаў на сустрэчы з паслом КНР у Беларусі Гун Цзяньвэем з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
"Мы ганарымся, што ў нас такія адносіны з гэтай вялікай дзяржавай, – падкрэсліў прэзідэнт. – І вельмі важна, што гэтыя адносіны пачалі складацца не ўчора і не сёння, калі Кітай стаў вызначальнай дзяржавай у свеце, а тады, калі Кітай толькі ўставаў на ногі. І тады мы ўбачылі ў развіцці Кітая тыя парасткі, на якія нам варта было звярнуць увагу. Мы шмат чаму навучыліся ў Кітайскай Народнай Рэспублікі".
А.Лукашэнка пацвердзіў імкненне Беларусі да ўсебаковага ўмацавання супрацоўніцтва з Кітаем. Ён выказаў шкадаванне, што Беларусь пакідае не толькі добры дыпламат, але і адданы сябар.
Развіццё ўзаемаадносін з Кітаем – адзін з прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі. Бакі рэгулярна абменьваюцца візітамі на вышэйшым узроўні. У ліпені бягучага года беларуска-кітайскія адносіны выйшлі на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства, замацаваны ў Сумеснай дэкларацыі, падпісанай лідарамі дзвюх краін. - Р -