Вольга Гальпяровіч, Беларуская служба МРК
Сусветнай прэм'ерай стужкі амерыканца Уэса Андэрсана "Гатэль Гранд Будапешт" адкрыўся міжнародны кінафорум, які ў 64 раз праходзіць у Берліне. Карціна прымае ўдзел у асноўным конкурсе фестывалю. У ёй заняты цудоўны акцёрскі ансамбль такіх знакамітасцяў як Біл Мюрэй, Цільда Суінтан, Джуд Лоу, Ральф Файнс, Эдвард Нортан, Адрыян Бродзі і іншыя. Сюрэалістычная, яскравая, поўная рознакаляровых фарбаў і прыгожых касцюмаў, часам смешная, часам трагічная гісторыя станаўлення маладога парцье Зеро і яго падарожжа са сваім настаўнікам канс'ержам Густавам Х па выдуманай, існуючай недзе ў Еўропе краіне Зуброўцы, здаецца, можа скласці сур'ёзную канкурэнцыю іншым канкурсантам. А сярод 20 стужак, якія удзельнічаюць у асноўным конкурсе фестывалю і прэтэндуюць на галоўныя ўзнагароды -- сярэбранага і залатога мядзведзя сёлета – тры кітайскія карціны.