Гарадскія органы Шанхая, якія адказваюць за кантроль над прадуктамі харчавання і лекавымі сродкамі, апячаталі мясцовую прадуктовую кампанію "Husi Food Co., Ltd" - пастаўшчыка "Макдональдс" і KFC.
Гэта адбылося ў нядзелю ўвечары пасля таго, як у СМІ прасачылася інфармацыя аб выкарыстанні кампаніяй пратэрмінаваных прадуктаў. Рэпарцёры, якія здолелі пракрасціся ў цэх кампаніі "Husi", распавядаюць, як адвольна мяняюць тэрмін прыдатнасці на ўпакоўцы мяса птушкі і як спляснелую ялавічыну падвяргаюць перапрацоўцы для далейшага выкарыстання. Такім чынам рэпарцёры сталі сведкамі мноства парушэнняў у вытворчай дзейнасці кампаніі.
Кантрольныя органы, якія праводзілі неабходную праверку ў супрацоўніцтве са структурамі грамадскай бяспекі, прынялі рашэнне часова спыніць гаспадарчую дзейнасць кампаніі-парушальніка і загадалі прадпрыемствам, якія атрымліваюць прадукты ад яе, зняць з абароту гэтыя "праблемныя" прадукты.
Кампанія "Husi Food Co., Ltd" - адзін з членаў амерыканскай карпарацыі "OSI Group". Яна была створана ў 1996 годзе. Як паведамілі ў кампаніі, тут выпускаюцца, галоўным чынам, вырабы з мяса птушкі, ялавічыны і свініны, якія пастаўляюцца "Макдональдс" і рэстаранам сеткі "Tricon Global" – KFC, Pizza Hut і іншым.