Цэнтральныя ўлады Кітая абнародавалі кіраўніцтва, якое заклікае мясцовыя ўрады ўсіх узроўняў укараніць сістэму спісу паўнамоцтваў для вызначэння межаў кампетэнцыі ведамстваў.
У кіраўніцтве, распрацаваным Канцылярыяй ЦК КПК і Канцылярыяй Дзяржсавета КНР, гаворыцца, што мясцовыя ўрады павінны публікаваць спісы сваіх адміністрацыйных паўнамоцтваў і працэдур для ажыццяўлення грамадскага кантролю.
Сістэма спісаў паўнамоцтваў – значная рэформа для ажыццяўлення мадэрнізацыі дзяржаўнага кіравання і магчымасцяў, адзначаецца ў кіраўніцтве. Кітайскі ўрад разглядае гэту сістэму як частку мер, накіраваных на ўдасканаленне кіравання і перадачу паўнамоцтваў больш нізкім узроўням улады. Цэнтральны ўрад краіны адмяніў або дэлегаваў сотні адміністрацыйных і атэстацыйных працэдур з мэтай ажыўлення рынку.
Паводле кіраўніцтва, павінна быць створана эфектыўная сістэма адміністрацыйных паўнамоцтваў урада з выразным вызначэннем, рацыянальным размеркаваннем і паслядоўнасцю абавязкаў у адпаведнасці з законам. Апрача таго, будзе заснавана сістэма кантролю, праверкі і каардынацыі ўрадавай ўлады.
Асноўнымі выканаўцамі сістэмы спісаў паўнамоцтваў стануць мясцовыя ўрадавыя структуры, якія валодаюць адміністрацыйнымі паўнамоцтвамі, гаворыцца ў кіраўніцтве.
Кіраўніцтва заклікае мясцовыя ўрадавыя органы ўсіх узроўняў ажыццявіць пільны аналіз усіх адміністрацыйных паўнамоцтваў, скласці спісы законных падстаў для выканання гэтых паўнамоцтваў і стварыць каталогі.
Апрача гэтага, мясцовыя ўрады таксама павінны скасаваць усе адміністрацыйныя паўнамоцтвы, якія не маюць законнай базы або супярэчаць законам. Усе захаваныя паўнамоцтвы павінны быць правераны на законнасць, рацыянальнасць і неабходнасць, адзначаецца ў кіраўніцтве.
Спісы паўнамоцтваў павінны публікавацца на афіцыйных вэб-сайтах урадаў ці распаўсюджвацца па іншых спецыяльных каналах. - Р -