Раман Мышкоўскі,
карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
У Кітаі ёсць ўсё: найвышэйшы горы і невысокія пагоркі, нізіны і раўніны; уздоўж берагоў мораў – порты, пляжы і курортныя гарадкі; знакамітыя манастыры, у тым ліку, легендарны Шаалінь, жэньшэневые фермы ў правінцыі Цінхай, шматлікія археалагічныя раскопкі ў пустынях Гобі і Такла-Макаа, альпінісцкія базы на ўсходніх схілах Гімалаяў і Каракарума. Каб бегла азнаёміцца з галоўнымі адметнымі мясцінамі Кітая, спатрэбіцца вельмі шмат часу. Мы яго, на жаль, не маем. Таму прапаную здзейсніць невялікую экскурсію на паўночны усход краіны, у правінцыю Ляанін.
Сучасны Шэньян, від з тэлевежы
Ляанін – «электрастанцыя» кітайскай прамысловасці. Тут сфарміравана сістэма індустрыі, якая складаецца з металургіі, машынабудавання, нафтавай і хімічнай прамысловасці, электраэнергетыкі, вытворчасці электратэхнікі і будаўнічых матэрыялаў. Эфектыўная транспартная сістэма ўключае ў сябе марскія порты, чыгунку, аўтамагістралі, трубаправоды і аэрапорты.
Правінцыя Ляанін прывабная для турызму. На яе тэрыторыі – 40 паркаў, больш за 10 запаведнікаў і зон адпачынку. А Міжнародны фестываль моды ў Даляні і Лядовы фестываль у Шэньяне вядомыя не толькі ў Кітаі, але і далёка за яго межамі.
Ляанінскі ўніверсітэт
Тут добра развіты навука і адукацыя. Асабліва хацелася б спыніцца на Ляанінскім універсітэце, які знаходзіцца ў адміністрацыйным цэнтры правінцыі – Шэньяне. Універсітэт заснаваны ў 1958 годзе ў выніку аб'яднання Паўночна-Усходняга інстытута фінансаў і эканомікі, Шэньянскага педагагічнага інстытута і Інстытута Рускай мовы. З 1965 года ён пачаў прымаць першых замежных студэнтаў і на сённяшні дзень выпусціў стажораў па кітайскай мове, бакалаўраў, аспірантаў, дактароў навук і вучоных больш чым з 30 краін свету. На гэты момант ва ўніверсітэце вучацца больш за 160 замежных студэнтаў. А ў канцы чэрвеня дыпломы бакалаўра і магістра Ляанінскага ўніверсітэта атрымала жыхарка Віцебска Вераніка Цімкіна. Маё першае пытанне да Веранікі было, у прынцыпе, традыцыйным: як яна трапіла ў Ляанінскі ўніверсітэт і ўвогуле ў Кітай?
В.Цімкіна: - Гісторыя даволі доўгая. 20 гадоў таму мой бацька вывучаў народную кітайскую медыцыну ў Ляанінскім медыцынскім інстытуце. Таму не дзіўна, што я з дзяцінства вельмі хацела пабываць у Кітаі. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў Віцебску даўні сябар бацькі, кітаец, прапанаваў прыехаць сюды, каб вывучаць кітайскую мову. Калі шчыра, я ніколі не думала, што мая дзіцячая мара калі-небудзь спраўдзіцца. Я прыехала, паглядзела, мне спадабалася, таму і засталася тут на чатыры гады.
Кар: - Вераніка, Вашы першыя ўражанні ад краіны: што Вы чакалі ўбачыць і што ўбачылі на самой справе?
В.Цімкіна: - Мне бацька шмат распавядаў пра Шэньян, пра іншыя гарады правінцыі Ляанін, таму шмат у чым мае чаканні апраўдаліся. З аднаго боку, мой Кітай, аб якім я марыла ў дзяцінстве, і той Кітай, які я ўбачыла на свае вочы, моцна адрозніваюцца. Я нават уявіць сабе не магла, што Кітай – настолькі высокаразвітая краіна. А з іншага, мне падабаецца, што існуе і ціхі Кітай. Калі паехаць у аддаленыя раёны горада і паглядзець, як жывуць простыя людзі, то там вы ўбачыце Кітай ціхі, спакойны, з нетаропкім рытмам жыцця. Вельмі шмат уражанняў, і ўсе яны – розныя. Адны – станоўчыя, іншыя непрыемныя, а некаторыя – вельмі спакойныя.
Кар: - Думаю, Вы – адна з нямногіх беларусаў, якая, прыехаўшы ў Кітай, пра Кітаі ведала ўжо даволі шмат...
В.Цімкіна: - Напэўна, гэта таму, што яшчэ ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце мы вывучалі гісторыю Кітая. Нават у школе па праграме «Сусветная гісторыя». Але больш за ўсё інфармацыі я атрымала пра гісторыю і культуру Кітая, пра кітайскі народ, пра іх звычаі, традыцыі з аповедаў бацькі. Я з дзяцінства марыла ўбачыць архітэктуру Кітая, яго прыгожыя палацы, гэтыя незвычайныя дахі, пагады. І калі я прыехала ў Шэньян, я адразу выправілася на экскурсію ў Імператарскі палац, каб убачыць на свае вочы ўсю гэту прыгажосць.
Выпускніца Ляанінскага ўніверсітэта В.Цімкіна падчас інтэрвью
Кар: - Кажуць, каб убачыць сапраўдны Кітай, трэба пажыць хаця б нейкі час у кітайскай сям'і. Ці ўдалося Вам хаця б пабываць там, пазнаёміцца са звычайным укладам жыцця кітайцаў?
В.Цімкіна: - Так, мне вельмі пашанцавала, калі шчыра. У Шэньяне я амаль два гады жыла ў сям'і сябра свайго бацькі. І гэта быў незабыўны час. Менавіта там я зразумела, што такое кітайская сям'я, наколькі яны шануюць сямейныя традыцыі, як яны адзін аднаго даглядаюць, з якімі трапяткімі пачуццямі адзін да аднаго ставяцца. Бо не сакрэт, што ў Кітаі інстытут сям'і здаўна быў у вялікай пашане. У іх вельмі добрыя адносіны паміж сваякамі, паміж мужам і жонкай, дзецьмі. І калі я жыла ў кітайскай сям'і, я вельмі шмат даведалася не толькі пра побыт кітайцаў. Сябар майго бацькі раней быў бібліятэкарам, ён – вельмі адукаваны чалавек. І менавіта ён расказваў мне шмат пра кітайцаў: пра іх традыцыі, гісторыю краіны.