Некаторыя пекінскія антыкварныя рынкі добра ведаюць не толькі жыхары сталіцы, але і замежныя турысты. Рынак «Паньцзяюань» знаходзіцца ў раёне Чааян, у паўднёва-ўсходняй частцы горада. Ля рынкавай брамы не праштурхнуцца ад трохколавых веладрабін, гружаных прадметамі даўніны, пікапаў і пакупнікоў, якія імкнуцца на рынак! Ужо а палове на пятую раніцы тут кіпіць жыццё. Адзін з пастаянных наведвальнікаў рынку сказаў, што калі хочаш купіць тут нешта каштоўнае, трэба прыйсці сюды рынак як мага раней.
«Паньцзяюань» займае плошчу каля 50 тыс. кв. м. На гэтай тэрыторыі працуе больш за 3 тыс. гандлёвых кропак. Ён мае славу самага поўнага рынку антыкварыяту ў Кітаі. Тут можна знайсці любыя мастацкія вырабы і прадметы даўніны, якія толькі можна пажадаць - стылізаваную пад даўніну мэблю, «чатыры каштоўнасці кабінета» (туш, папера, пэндзаль і тушачніца), даўнія кнігі, карціны і творы каліграфіі, маскі і грым Пекінскай оперы. На рынку можна сустрэць і сапраўдных экспертаў, якія карпатліва выяўляюць сапраўдныя каштоўнасці ад падробкі. Гандляры паказваюць вам прадметы «даўніны», пакрытыя «пылам стагоддзяў», і падрабязна распавядаюць аб небывалай «каштоўнасці» рэчаў.
Рынак «Паньцзяюань» прыносіць шчасце і поспех, мясцовыя гандляры з гонарам пералічваюць яго вартасці і тое, што 80% тавару, які прадаецца на Сеульскай вуліцы антыкварыяту ў Рэспубліцы Карэя, - з рынку «Паньцзяюань»; кіраўніцтва антыкварнага рынку японскага горада Осака штомесяц прыязджае закупляць тавар на рынак «Паньцзяюань», былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан з жонкай таксама пабывалі тут.
Яшчэ адным адметным месцам, дзе прадаюць антыкварыят у сталіцы, з'яўляецца манастыр «Баагасы». Тут можна знайсці цэлыя калекцыі старадаўніх рэчаў. Манастыр знаходзіцца на вуліцы Гуаньаньмэньнэй дацзе. Дарэчы, кніжны рынак «Баагасы» - найстарэйшы рынак антыкварыяту ў Пекіне. «Баагасы» пабудаваны вельмі даўно і пасля заняпаду рэканструяваны падчас дынастыі Мін у 1466. Манастырскі кніжны кірмаш мае шматвяковую гісторыю. Тут можна знайсці старадаўнія выданні, ілюстраваныя кнігі, старыя білеты, упакоўкі для цыгарэт - словам, практычна ўсё. Пастаянна адкрыты выставы «Манеты і маркі свету», «Малюнкі на ўпакоўках цыгарэт і запалкавых скрынках», «Кнігі ілюстраваных гісторый» і іншыя. Усё гэта прыцягвае як айчынных, так і замежных знаўцаў даўніны.